Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Ізраілю папросіць парлямэнт пра імунітэт супраць крымінальных справаў


Біньямін Нэтаньягу, прэм'ер-міністар Ізраілю

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што зьвернецца да парлямэнту з просьбай даць яму імунітэт ад судовага перасьледу па трох крымінальных справах. Гэта можа затрымаць пачатак крымінальнага працэсу ў дачыненьні да яго на некалькі месяцаў.

Ізраільскі прэм’ер абвясьціў пра запыт за некалькі гадзін да заканчэньня тэрміну, вызначанага для падачы адпаведнай просьбы.

У лістападзе​ Нэтаньягу прадʼявілі тры крымінальныя абвінавачваньні.Па адной справе прэмер-міністар будзе абвінавачаны ў хабарніцтве. Паводле абвінавачваньня Нэтаньягу аказваў у 2012-2017 гадаў паслугі прадпрымальніку Шаулю Аловічу, уладальніку кантрольнага пакету інтэрнэт-правайдэра Безэк. Кошт паслугаў вымяраецца 300 мільёнамі даляраў.

Абвінавачваньні ў махлярстве і парушэньні грамадзкага даверу будуць прадʼяўленыя Нэтаньягу за атрыманьне ягонай сямʼёй падарункаў ад бізнэсоўцаў на дзясяткі тысячаў даляраў. Яшчэ адно абвінавачваньне тычыцца бізнэсовых сувязяў прэмʼера з кіраўніком мэдыя-канцэрну «Едыот Ахранот» Арнонам Мозэсам.

Калі Біньямін Нэтаньягу паўстане перад судом і будзе прызнаны вінаватым, яму можа пагражаць зьняволеньне на некалькі гадоў.

Ізраіль перажывае палітычны крызіс. У сьнежні парлямэнт абвясьціў пра самароспуск пасьля таго, як усе спробы сфармаваць урад праваліліся. Новыя парлямэнцкія выбары заплянаваныя на 2 сакавіка. У канцы сьнежня Нэтаньягу перамог на ўнутраных выбарах сваёй партыі «Лікуд». Такім чынам, менавіта ён будзе ўзначальваць партыю на выбарах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG