Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне затрымалі 7 чалавек па справе пра ўцёкі экс-кіраўніка Nissan


Былы кіраўнік холдынгу Renault-Nissan-Mitsubishi Карлас Гон
Былы кіраўнік холдынгу Renault-Nissan-Mitsubishi Карлас Гон

Улады Турэччыны затрымалі сем чалавек у рамках расьсьледаваньня ўцёкаў былога кіраўніка холдынгу Renault-Nissan-Mitsubishi Карласа Гона зь Японіі ў Лібан праз Стамбул. Пра гэта піша турэцкая газэта Daily Sabah са спасылкай на заяву турэцкага Міністэрства ўнутраных спраў. Паводле дадзеных газэты, чацьвёра з затрыманых — пілёты.

Раніцай 2 студзеня стала вядома, што праваахоўныя органы Японіі правялі ператрусы ў доме Гона ў Токіё. Паводле японскіх СМІ, паліцыя і пракуратура западозрылі, што былы топ-мэнэджэр мог пакінуць Японію незаконна. Раней паведамлялася, што ён мог выкарыстаць падроблены пашпарт.

Як піша амэрыканская газэта The Wall Street Journal, паплечнікі Гона плянавалі уцёкі некалькі месяцаў. Сваю рэзыдэнцыю Гон нібыта пакінуў у чахле для музычных інструмэнтаў, сьцьвярджаюць лібанскі і японскі тэлеканалы. Вядома, што Гон прыляцеў у Бэйрут на прыватным самалёце зь перасадкай праз Стамбул.

Пра тое, што экс-кіраўнік аўтамабільнага альянсу зьбег зь Японіі ў Лібан, стала вядома 31 сьнежня.

«Я больш не знаходжуся ў закладніках у карумпаванай судовай сыстэмы Японіі, дзе распаўсюджана прэзумпцыя вінаватасьці, дыскрымінацыя паўсюдная, а асноўныя правы чалавека парушаюцца», — напісаў Гон у сваёй заяве.

У Японіі Гона абвінавачваюць ва ўтойваньні даходаў на агульную суму $80 млн у справаздачах для Такійскай фондавай біржы і сьпісаньні асабістых страт на суму $16 млн на рахунак ягонай кампаніі Nissan.

Прадпрымальнік цалкам абвяргае гэтыя абвінавачваньні і называе іх палітычна матываванымі. Ён таксама заяўляе, што судовая справа супраць яго — вынік змовы японскіх уладаў і кіраўніцтва Nissan, якое, паводле яго слоў, выступала супраць далейшай інтэграцыі трох кампаній: Renault, Nissan і Mitsubishi.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG