Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасаваньне аб імпічмэнце прэзыдэнта ЗША. УЖЫВУЮ


Палата прадстаўнікоў ЗША 18 сьнежня прагаласуе па рэзалюцыі аб імпічмэнце 45-га прэзыдэнта краіны Дональда Трампа. Калі яна будзе прынята, пакет дакумэнтаў аб імпічмэнце будзе накіраваны ў Сэнат, які мае прыняць канчатковае рашэньне.

Прамую трансьляцыю галасаваньня c перакладам на расейскую мову вядзе тэлеканал «Настоящее Время».

Напярэдадні галасаваньня Дональд Трамп даслаў ліст сьпікеру Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі.

У ім Трамп абвінаваціў кіраўніцтва Дэмакратычнай партыі ў тым, што яно вядзе «адкрытую вайну супраць амэрыканскай дэмакратыі» і што супраць яго ўчынена спроба перавароту.

«Усе, уключна з вамі, ведаюць, што адбываецца. Абраны вамі кандыдат зазнаў паразы на выбарах у 2016 годзе. (...) Вашая партыя не змагла перажыць паразу. Таму тры апошнія гады вы намагаецеся ануляваць вынікі галасаваньня», — піша Трамп.

Паводле Трампа, ягоныя апанэнты выкарыстоўваюць працэс імпічмэнту, каб адцягнуць увагу амэрыканцаў ад ягоных дасягненьняў, у тым ліку сталага эканамічнага росту і рэкордна нізкага беспрацоўя. «Суд гісторыі для вас будзе бязьлітасным», — папярэдзіў прэзыдэнт ЗША сьпікера Палаты прадстаўнікоў.

Нэнсі Пэлосі атрымала ліст за некалькі хвілінаў да таго, як яна паведаміла, што Палата прадстаўнікоў прагаласуе 18 студзеня па двух артыкулах імпічмэнту, паводле якіх прэзыдэнта абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай і перашкодзе працы Кангрэсу. У сваім лісьце калегам па Палаце прадстаўнікоў яна напісала, што «мы павінны выканаць клятву падтрымліваць і абараняць нашу Канстытуцыю ад усіх ворагаў, унутраных і вонкавых». Пэлосі назвала ліст прэзыдэнта «бязглуздым».

Чакаецца, што ў сераду Палата прадстаўнікоў, дзе большасьць належыць дэмакратам, ухваліць абодва артыкулы імпічмэнту. Потым справу перададуць у Сэнат, які разглядзіць гэтыя абвінавачаньні і вырашыць, ці заслугоўвае Трам адхіленьня ад улады.

Назіральнікі прагназуюць, што прыхільнікам імпічмэнту ня ўдасца атрымаць у Сэнаце дзьвюх трацін галасоў, неабходных для пазбаўленьня прэзыдэнта ўлады.

У чым абвінавачваюць Трампа

Абвінавачаньне ў злоўжываньні паўнамоцтвамі грунтуецца на тым, што сёлета ўлетку адміністрацыя Трампа замарозіла вайсковую дапамогу Ўкраіне і адначасова з гэтым, як сьцьвярджаецца, Трамп і ягонае атачэньне спрабавалі пераканаць улады Ўкраіны расьсьледаваць дзейнасьць сына палітычнага праціўніка прэзыдэнта ЗША, дэмакрата Джо Байдэна.

Кіраўнік юрыдычнага камітэту Джэральд Надлер заявіў, што, затрымліваючы выдзеленую для Ўкраіны вайсковую дапамогу, Трамп «аслабляе хаўрусьніка, які прасоўвае інтарэсы амэрыканскай бясьпекі, змагаючыся з ворагам Амэрыкі». «А калі прэзыдэнт патрабуе, каб замежная дзяржава правяла расьсьледаваньне ў дачыненьні да ягоных ўнутрыпалітычных супернікаў, ён карумпуе нашы выбары», — дадаў Надлер. Рэспубліканцы і сам Трамп сьцьвярджаюць, што прэзыдэнт не парушыў закону. Яны кажуць, што мэтай дзеяньняў Трампа было заахвоціць Украіну змагацца з карупцыяй.

Другое абвінавачваньне зьвязана з адмовай адміністрацыі Трампа супрацоўнічаць з Кангрэсам пры правядзеньні расьсьледаваньня аб магчымасьці імпічмэнту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG