Шэраг расейскіх СМІ і тэлеграм-каналаў раніцай у сераду паведамілі пра ператрусы ў Маскве ў кватэры бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева і ў офісах зьвязаных зь ім кампаній. У структурах Гуцэрыева ператрусы адмаўляюць.
Паводле тэлеграм-каналу Mash, ператрусы праходзяць у 10 кампаніях. Выданьне Baza піша пра ператрус як мінімум у адной кампаніі, зьвязанай зь сям’ёю Гуцэрыева — «ФортеИнвест».
Крыніца «Открытых медиа», зьвязаная з ФСБ, таксама пацьвердзіла, што ператрусы ідуць у офісе кампаніі «Русснефть». Пацьвярджае факт ператрусаў таксама крыніца «Ведомостей».
Лента.ру са спасылкай на свае крыніцы пацьвярджае факт сьледчых дзеяньняў, аднак сьцьвярджае, што ідзецца пра выманьне дакумэнтаў у межах крымінальнай справы аб нявыплаце падаткаў і крадзяжах. Mash мяркуе, што справа зьвязаная з абвінавачаньнем у кантрабандзе нафты.
У холдынгу «Сафар», падкантрольным Гуцэрыеву, факт правядзеньня ператрусаў адмаўляюць. Паведамленьні пра іх назвалі «няпраўдай». Там заявілі, што Гуцэрыеў знаходзіцца ў Маскве — насуперак шэрагу паведамленьняў, што ён паляцеў у Менск. Сам Гуцэрыеў у інтэрвію РЕН-ТВ назваў паведамленьні пра ператрусы «правакацыяй».
Афіцыйнага паведамленьня праваахоўных органаў пра сьледчыя дзеяньні не было.
- Капітал Міхаіла Гуцэрыева ацэньваецца ў некалькі мільярдаў даляраў, ён рэгулярна ўваходзіць у першую сотню сьпісу найбагацейшых расейцаў паводле Forbes.
- Галоўны актыў Гуцэрыева — фінансава-прамысловая група «Сафмар», у склад якой уваходзіць, у прыватнасьці, «Русснефть».
- Гуцэрыеў валодае некалькімі радыёстанцыямі.
- Яму належыць таксама шэраг праектаў у Беларусі.
- У 2007 годзе супраць Гуцэрыева ў Расеі была заведзена крымінальная справа, пэўны час ён жыў у Лёндане. Пасьля справа была закрытая, і бізнэсовец вярнуўся ў Расею.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў