Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтограф-сэсія аўтара дасьледаваньняў пра Каліноўскага ды іншых выбітных асобаў  


Язэп Янушкевіч цытуе «Страшны двор» перад палацам Манюшкаў
Язэп Янушкевіч цытуе «Страшны двор» перад палацам Манюшкаў

Язэп Янушкевіч, аўтар і ўкладальнік збораў, прысьвечаных знакавым асобам беларускай гісторыі, прэзэнтуе 17 сьнежня ў «Акадэмкнізе» свае чарговыя выданьні. Падчас сустрэчы з чытачамі дапамагаць яму будзе дачка Каміла, суаўтарка многіх дасьледаваньняў.

«Недарэмна яшчэ ў мінулым стагодзьдзі пісьменьніка-эсэіста, навукоўца, дасьледніка-архівіста некаторыя калегі за вочы называлі „дацкім“ літаратарам, — кажа Язэп Янушкевіч. — Маўляў, піша пад „юбілейныя даты“. Дзякуй Богу, гэта былі не „саветызаваныя“ 23 лютага, 9 траўня ці 7 лістапада, а гадавіны, прысьвечаныя Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу, Францішку Багушэвічу, Уладзімеру Жылку, Браніславу Эпімах-Шыпілу, Кастусю Каліноўскаму, Вацлаву Ластоўскаму ды іншым».

Язэп Янушкевіч побач з мэмарыяльнай дошкай у гонар Станіслава Манюшкі
Язэп Янушкевіч побач з мэмарыяльнай дошкай у гонар Станіслава Манюшкі

Сёлетні год — багаты на юбілеі і падзеі ў беларускай гісторыі, а таму спрычыніўся да зьяўленьня шэрагу прынагодных выданьняў. Перадусім працы да 200-годзьдзя з дня нараджэньня вялікага кампазытара Станіслава Манюшкі.

Па-першае, пераклад з польскай мовы сумесна з дачкой Камілай нарысу Аляксандра Валіцкага «Станіслаў Манюшка». Ён быў выдадзены ў Варшаве ў 1873 годзе і ані разу не ўзнаўляўся. Па-другое, гісторыка-літаратурны збор матэрыялаў аўтарства Язэпа Янушкевіча «Літоўскі Пеўнік, або мой Манюшка».

Вокладка кнігі "Партрэты Паўстаньня"
Вокладка кнігі "Партрэты Паўстаньня"

Наступная нізка выданьняў расказвае пра паўстанцаў 1863-1865 гадоў — аўтар лічыць карэктным казаць менавіта пра такі часовы адрэзак, бо удзельнікаў каралі і шмат пазьней пасьля ўдушэньня удзельнікаў антыкаляніяльнага супраціву.

Гэта пашыранае і дапрацаванае выданьне «Партрэты Паўстаньня 1863-1865», якое ўяўляе сабой галерэю амаль з трох сотняў рэдкіх фотавыяваў змагароў, выкананых пераважна ў 1850-1880-я.

«І першым паказаўся Каліноўскі» — эсэ «пра вечнае», падрыхтаванае адмыслова да гістарычнай падзеі 22 лістапада. У гэты дзень у Вільні былі ўрачыста перапахаваньня дваццаць паўстанцаў, парэшткі якіх адшукалі летувіскія археолягі на гары Гедзіміна.

Вокладка кнігі "І першым паказаўся Каліноўскі"
Вокладка кнігі "І першым паказаўся Каліноўскі"

Гэтаксама падчас аўтограф-сэсіі будзе прадстаўлены юбілейны, соты том зь біблятэкі «Беларускі кнігазбор» «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы». Язэп Янушкевіч зьяўляецца ўкладальнікам.

Імпрэза адбудзецца 17 сьнежня а 18.30 у менскай кнігарні «Акадэмічная кніга».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG