Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ізалятарах часовага ўтрыманьня Беларусі вязьням дазволілі курыць і дадуць запалкі


Ілюстрацыйнае фота. Жонка палітыка Міколы Статкевіча Марына каля ізалятара часовагаа ўтрыманьня на Акрэсьціна

Гэта вынікае са зьменаў, якія ўнесьлі ў пастанову МУС Беларусі ад 30 лістапада 2016 году аб Правілах унутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Дакумэнт апублікаваны 13 сьнежня на Нацыянальным прававым партале.

Раней у ізалятарах часовага ўтрыманьня зьняволеным дазвалялі курыць толькі на прагулцы. Цяпер сьпіс месцаў пашырылі.

Курыць можна будзе ў «спэцыяльна прызначаных месцах», якiя вызначае начальнік ІЧУ. У пераліку такіх месцаў названыя:

  • сьледчыя кабінэты ІЧУ,
  • асобныя камэры, абсталяваныя прыточна-выцяжной вэнтыляцыяй,
  • прагулачныя двары.

У распарадку дня ІЧУ будуць адводзіць час для курэньня. Зьняволеным, якія смаляць, будуць выдаваць запалкі.

Дакумэнт набывае моц 14 сьнежня.

«Гэта сумнеўная палёгка для вязьняў», — пракамэнтаваў Свабодзе новаўвядзеньне палітык Мікола Статкевіч, які яшчэ ў 1996 годзе ўпершыню трапіў у ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна ў Менску, дзе ў накуранай камэры захварэў на бранхіт, а пазьней шмат разоў адбываў там пакараньне.

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Паводле Статкевіча, быў час, калі ў камэрах ІЧУ дазвалялася курыць, і гэта было цяжка вытрываць людзям, якія ня маюць такой звычкі. Потым у памяшканьнях курыць забаранілі, дазвалялі толькі падчас прагулак, але рэжым іх не заўсёды вытрымліваецца, як і іншыя правы зьняволеных.

Статкевіч сумняваецца, што дазвол курыць будзе суправаджацца ўладкаваньнем добрай вэнтыляцыі ў памяшканьнях ІЧУ, а чыстае паветра застаецца праблемай для вязьняў, бо ў камэрах вокны зачыненыя, а сыстэма вэнтыляцыі працуе кепска.

«Шмат якія правы маюць зьняволеныя, але яны не выконваюцца, і тут невядома, як будуць на справе выконваць гэтыя папраўкі ў законе», — перакананы Статкевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG