Пасьля шматгадзінных дэбатаў 12 сьнежня юрыдычны камітэт Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняў рашэньне перанесьці галасаваньне наконт імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа на пятніцу 13 сьнежня, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Як паведаміў старшыня камітэту, дэмакрат Джэры Надлер, галасаваньне наконт абвінавачваньняў у адрас Трампа заплянаванае на 10.00 13 сьнежня (18.00 па менскім часе). Раней меркавалася, што яно адбудзецца 12 сьнежня. Прычынаў затрымкі Надлер не патлумачыў.
14-гадзінная дыскусія, якая прайшла ў юрыдычным камітэце, часам прымала жорсткі характар. Падчас яе дэмакраты адхілілі спробу рэспубліканцаў не дапусьціць выстаўленьня супраць Дональда Трампа абвінавачваньня ў злоўжываньні прэзыдэнцкай уладай.
Камітэт таксама разгледзеў другі артыкул імпічмэнту, згодна зь якім Трамп перашкаджаў расьсьледаваньню, якое праводзіць Кангрэс, бо адмовіўся перадаць сьледзтву сотні дакумэнтаў, а таксама забараніў ключавым сьведкам выступаць на слуханьнях. Аднак дэмакраты маюць большасьць у юрыдычным камітэце і ў Палаце прадстаўнікоў, што дазваляе ім супрацьстаяць спробам рэспубліканцаў запаволіць ход імпічмэнту.
Рэспубліканцы настойваюць на тым, што абвінавачваньні, выстаўленыя супраць Трампа, хібныя і што камітэт пасьпяшаўся вынесьці рашэньне, не заслухаўшы паказаньні іншых сьведак. Яны адзначылі, што ў верасьні Трамп усё-такі дазволіў аказаньне вайсковай дапамогі Ўкраіне на 391 мільён даляраў.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі сказала журналістам, што, калі камітэт ухваліць абвінавачаньні, галасаваньне ў поўным складзе Палаты прадстаўнікоў пройдзе на наступным тыдні. Мяркуецца, што кантраляваная дэмакратамі Палата прадстаўнікоў прагаласуе за імпічмэнт.
Чакаецца, што працэс разгляду абвінавачваньняў у Сэнаце пачнецца ў наступным месяцы.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў