Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасаваньне аб імпічмэнце прэзыдэнта ЗША пройдзе на наступным тыдні


Пасяджэньне юрыдычнага камітэту ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, 11 сьнежня 2019

Сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэласі заявіла ў чацьвер, што палата на наступным тыдні правядзе галасаваньне ў пытаньні аб імпічмэнце прэзыдэнта Дональда Трампа.

У чацьвер артыкулы імпічмэнту абмяркоўвае юрыдычны камітэт Палаты прадстаўнікоў. Чакаецца, што большасьць яго чальцоў падтрымаюць абодва абвінавачваньні супраць прэзыдэнта — у злоўжываньні паўнамоцтвамі і ў перашкодах расьсьледаваньню, якое праводзіў Кангрэс. Дэмакраты — прыхільнікі імпічмэнту — у камітэце ў большасьці.

У дэмакратаў большасьць і ва ўсёй Палаце прадстаўнікоў. Чакаецца, што імпічмэнт Трампу будзе вынесены. Няясна, ці падтрымае яго хто-небудзь з рэспубліканцаў. Пакуль усё заканадаўцы ад гэтай партыі выказваюцца ў абарону Трампа. На пасяджэньні юрыдычнага камітэту яны спрабуюць адтэрмінаваць канчатковае галасаваньне.

Артыкулы імпічмэнту былі сфармуляваныя раней на гэтым тыдні.

Абвінавачваньне ў злоўжываньні паўнамоцтвамі грунтуецца на тым, што сёлета ўлетку адміністрацыя Трампа замарозіла вайсковую дапамогу Ўкраіне і адначасова з гэтым, як сьцьвярджаецца, Трамп і ягонае атачэньне спрабавалі пераканаць улады Украіны расьсьледаваць дзейнасьць сына палітычнага праціўніка прэзыдэнта ЗША, дэмакрата Джо Байдэна.

Кіраўнік юрыдычнага камітэту Джэральд Надлер заявіў, што, затрымліваючы выдзеленую для Ўкраіны вайсковую дапамогу, Трамп «аслабляе хаўрусьніка, які прасоўвае інтарэсы амэрыканскай бясьпекі, змагаючыся з ворагам Амэрыкі». «А калі прэзыдэнт патрабуе, каб замежная дзяржава правяла расьсьледаваньне ў дачыненьні да ягоных ўнутрыпалітычных супернікаў, ён карумпуе нашы выбары», — дадаў Надлер. Другое абвінавачваньне звязана з адмовай адміністрацыі Трампа супрацоўнічаць з Кангрэсам пры правядзеньні расьсьледаваньня аб магчымасьці імпічмэнту.

Рэспубліканцы і сам Трамп сьцьвярджаюць, што прэзыдэнт не парушыў закон. Яны кажуць, што мэтай дзеяньняў Трампа было заахвоціць Украіну змагацца з карупцыяй. Трамп спасылаецца на словы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, які казаў, што ЗША ня ціснулі на яго.

  • Пасьля галасаваньня ў Палаце прадстаўнікоў абвінавачваньні ў адрас Трампа, у выпадку іх зацьвярджэньня, будуць адпраўленыя ў Сэнат. Для адхіленьня Трампа ад пасады неабходныя галасы дзьвюх трацін сэнатараў. Гэта лічыцца малаімаверным — большасьць у Сэнаце ў рэспубліканцаў. Лідэр сэнацкай большасьці Мітч Макконэл заявіў, што пытаньне аб імпічмэнце будзе разгледжанае верхняй палатай Кангрэсу ў студзені.
  • Імпічмэнту за ўсю гісторыю былі падданыя два прэзыдэнты ЗША, але яшчэ ніводны прэзыдэнт ня быў зьняты Сэнатам з пасады. Аднак Рычард Ніксан у 1974 годзе пайшоў у адстаўку праз пагрозу немінучага імпічмэнту і страты пасады пасьля таго, як сэнатары заявілі яму пра адмову ў падтрымцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG