Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заклікаў Расею адмовіцца ад  умяшаньня ў амэрыканскія выбары


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 10 сьнежня сустрэўся зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым. У гутарцы з Лаўровым Трамп заклікаў адмовіцца ад любых спробаў умяшаньня ў выбары ў ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на прэс-службу Белага дома.

Пра што казаў Дональд Трамп падчас сустрэчы:

  • перасьцярог супраць любых спробаў Расеі ўмяшацца ў выбары ў ЗША,
  • заклікаў Расею вырашыць канфлікт з Украінай;
  • выказаў падтрымку «эфэктыўнаму глябальнаму кантролю над узбраеньнямі», які павінен закранаць ня толькі Расею, але і Кітай;
  • вітаў супрацоўніцтва з Расеяй для вырашэньня праблем, актуальных для абедзьвюх краін, у тым ліку «пазытыўныя крокі ў адносінах да затрыманых грамадзян» ЗША і Расеі;
  • заклікаў Маскву падтрымаць намаганьні ЗША не дапусьціць стварэньня Іранам ядзернай зброі і спрыяць ядзернаму раззбраеньню на Карэйскім паўвостраве;
  • пра стасункі з Кітаем: Трамп падкрэсьліў неабходнасьць вядзеньня «справядлівага» гандлю з Пэкінам, і дадаў, што «паляпшэньне адносінаў з Расеяй дазволіць павялічыць гандлёвы абарот паміж нашымі краінамі».

Увечары 10 сьнежня Трамп пракамэнтаваў сустрэчу з Лаўровым у сваім твітары, назваўшы яе «вельмі добрай», і дадаў, што спадзяецца на працяг дыялёгу неўзабаве.

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў на прэс-канфэрэнцыі ў амбасадзе Расеі ў ЗША па выніках сустрэчы з Трампам, на просьбу журналіста пракамэнтаваць афіцыйнае паведамленьне Белага дома з нагоды сустрэчы, заявіў, што пакуль не азнаёміўся зь ім, але паўтарыў пазыцыю Масквы пра тое, што Крэмль ня ўмешваўся ў амэрыканскія выбары, і гэтая пазыцыя «была яшчэ раз даведзеная да амэрыканскага палітычнага кіраўніцтва».

Лаўроў адмоўна адказаў на пытаньне пра тое, ці абмяркоўваў Трамп у асабістай гутарцы зь ім тэму імпічмэнту, і заявіў, што «ня сочыць за раскладам Кангрэсу», адказваючы на пытаньне аб супадзеньні ягонага візыту ў Вашынгтон з днём, калі дэмакраты выставілі супраць Дональда Трампа абвінавачваньні для імпічмэнту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG