Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода і ПЭН-цэнтар уручаць прэмію турэмнай літаратуры імя Аляхновіча


10 сьнежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека журы вызначыць ляўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зьняволены.

Прэмія была заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883 — 1944), чыя кніга «У капцюрох ГПУ» адной зь першых у сьвеце расказала сьвету пра савецкі ГУЛАГ.

На прэмію намінуюцца дакумэнтальныя і мастацкія творы на беларускай і расейскай мовах, створаныя ў зьняволеньні ці пасьля і апублікаваныя ў кніжным выглядзе, пэрыёдыцы ці ў публічнай інтэрнэт-прасторы ў апошні год. Права намінацыі маюць як аўтары, так і чытачы.

Урачыстая імпрэза пачнецца на менскай пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» (вул. Ложынская, 16-404) у 15:00 з адкрыцьця выставы, арганізаванай пры падтрымцы брытанскай амбасады і прысьвечанай сьмяротнаму пакараньню. На ёй можна будзе пабачыць сэрыю малюнкаў «Апошні кат Эўропы» ад сусьветна вядомага мастака-рэпартэра і ілюстратара Джорджа Батлера, а таксама праект «Вышэйшая мера пакараньня» беларускага фотажурналіста Сяргея Балая.

У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя Ігар Аліневіч (2013), Алесь Бяляцкі (2014), Зьміцер Дашкевіч (2014), Фэлікс Пекер (2014), Павал Севярынец (2014), Аляксандар Фядута (2014), Ірына Халіп (2014) Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка (2017), Аляксандар Лапшын (2018), Уладзімер Някляеў (2018) і Вольга Мікалайчык (2018).

Арганізатары плянуюць уручаць прэмію, пакуль сытуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але спадзяюцца, што яна неўзабаве страціць сваю актуальнасьць.

У гэты ж дзень на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» адбудзецца таксама ўручэньне Нацыянальнай прэміі за дасягненьні ў галіне правоў чалавека. Беларуская праваабарончая супольнасць традыцыйна, адзінаццаты раз, вызначыць ляўрэатаў у трох намінацыях: «Праваабаронца году», «Журналіст году» і «Кампанія/ініцыятыва году».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG