Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць ахвяраў пажару ў Адэсе вырасла да 12 чалавек


Ратавальнікі тушаць пажар у адэскім каледжы, 4 сьнежня 2019 году

Колькасьць ахвяраў пажару ў будынку Адэскага каледжа эканомікі, права і гатэльна-рэстараннага бізнэсу па стане на 7 раніцы 9 сьнежня вырасла да 12 чалавек, пацьвердзілі ў Дзяржаўнай службе ў надзвычайных сытуацыях Украіны.

«Усяго ў выніку пажару загінулі 12 чалавек», — заявілі ў прэс-службе ведамства.

4 сьнежня ў лякарні памерла жанчына, 7 сьнежня ад атрыманых траўмаў сканаў ратавальнік. Целы яшчэ 10 чалавек былі знойдзеныя падчас разбору завалаў пры правядзеньні пошукавых работ у пэрыяд з 5 па 9 сьнежня.

Лёс яшчэ некалькіх чалавек дасюль застаецца невядомым, таму колькасьць ахвяраў яшчэ можа вырасьці.

Пажар пачаўся 4 сьнежня ў цэнтры Адэсы, у навучальным корпусе каледжу эканомікі, права і гатэльна-рэстараннага бізнэсу. Плошча пажару склала некалькі тысяч квадратных мэтраў. Верхнія паверхі будынка выгаралі дашчэнту, у корпусе абрынуўся дах і перакрыцьці.

Сярод загінулых і пацярпелых былі ў тым ліку студэнты 16-17 гадоў. Калі пачаўся пажар, некаторыя, ратуючыся ад полымя, скакалі на прыпаркаваныя машыны зь пятага паверха. Ратавальнікі не адразу змаглі падʼехаць да будынка і эвакуаваць людзей ад таго, што вакол было прыпаркавана шмат аўтамабіляў.

Па факце пажару адкрытая крымінальная справа за парушэньне вызначаных заканадаўствам патрабаваньняў пажарнай бясьпекі. Сьледчыя разглядаюць у тым ліку вэрсіі аб наўмысным падпале будынка і аб кароткім замыканьні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG