Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясяткі тысяч жыхароў Ганконгу выйшлі на ўзгодненую ўладамі акцыю


Пратэстоўцы ў Ганконгу, 8 сьнежня 2019
Пратэстоўцы ў Ганконгу, 8 сьнежня 2019

Дзясяткі тысяч пратэстоўцаў выйшлі на новы мітынг у цэнтры Ганконгу. Гэта першая з пачатку жніўня дэманстрацыя, дазволеная ўладамі. Яна прымеркаваная да Дня правоў чалавека, які адзначаюць 10 сьнежня ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй Генэральнай Асамблеі ААН.

Актывісты прайшлі па ўзгодненым з паліцыяй маршруце ад парку Вікторыя да Цэнтральнага раёну. У руках жыхары Ганконгу несьлі плякаты з надпісамі «Далоў сьлезацечны газ», «Жорсткіх паліцыянтаў — да правасудзьдзя», «Даеш свабоду і дэмакратыю». Арганізатарам мітынгу выступае апазыцыйны рух «Грамадзянскі фронт за правы чалавека».

Праваахоўныя органы папярэдзілі арганізатараў, што мітынг мусіць прайсьці мірна.

Перад пачаткам антыўрадавай акцыі паліцыя заявіла пра арышт 11 чалавек. У іх канфіскавалі зброю, у асноўным, вайсковыя нажы і пэтарды. У аднаго чалавека — паўаўтаматычны пісталет.

Паліцыя паведамляе, што ў дэманстрацыі ўдзельнічалі 183 тысячы чалавек. Паводле зьвестак арганізатараў, на вуліцы Ганконгу ўсяго разам выйшлі 800 тысяч чалавек.

Масавыя пратэсты ў Ганконгу працягваюцца ад чэрвеня. Спачатку жыхары пратэставалі супраць закону аб экстрадыцыі на мацерыковы Кітай, які, на іх думку, мог выкарыстоўвацца супраць дысыдэнтаў. Пазьней ўдзельнікі пратэстаў пачалі патрабаваць большай незалежнасьці ад Кітаю і правядзеньня дэмакратычных рэформаў. Яны таксама патрабуюць расьсьледаваньня дзеяньняў паліцыі падчас пратэстаў і амністыі для арыштаваных актывістаў.

Акцыі часта перарасталі ў сутычкі з паліцыяй. Супрацоўнікі праваахоўных органаў неаднаразова ўжывалі вадамёт і сьлезацечны газ для разгону дэманстрантаў. За ўвесь час пратэстаў былі арыштаваныя каля шасьці тысяч чалавек. Адзін чалавек загінуў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG