Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі 137 чалавек шпіталізаваныя за суткі з галалёднымі траўмамі. Вобліў не сыходзіць


Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі за 28 лістапада з галалёднымі траўмамі шпіталізаваныя 137 чалавек, паведаміла БЕЛТА прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

«У Менску шпіталізаваныя 69 чалавек, зь іх 8 дзяцей. У Віцебскай вобласьці 8 чалавек атрымалі дапамогу амбуляторна і 68 шпіталізаваныя, сярод іх 8 дзяцей», — паведаміла Барадун.

У сувязі з галалёдзіцай павялічылася і колькасьць дробных ДТЗ на дарогах. Так, у Менску ДАІ зарэгістравала 162 сутыкненьні аўтамабіляў, у той час як у звычайныя дні ў Менску штодня здараецца 110-120 аўтааварый (абышлося без пацярпелых).

Паводле сайту прагнозу надвор’я ад Белгідрамэту pogoda.by, 29 лістапада вобліў (галалёд) прагназуюць ува ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў Менску. Раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём пераважна на ўсходняй частцы Беларусі дажджы, месцамі туман. Максымальная тэмпэратура паветра +1...+6°С, у заходніх раёнах да +8°С.

У суботу, 30 лістапада, на большай частцы тэрыторыі Беларусі і ў горадзе Менску на дарогах таксама чакаецца галалёдзіца.

У Міністэрстве аховы здароўя, каб пазьбегнуць падзеньня і цяжкіх траўмаў у галалёд, раяць:

  • Ісьці па сьлізкім ходніку павольна, кароткімі крокамі.
  • Абувацца адпаведна надвор’ю: пажадана, каб падэшва была рабрыстай, жанчынам лепш адмовіцца ад высокіх абцасаў і шпілек.
  • Пры падзеньні нельга выстаўляць у бакі рукі ці ногі — у гэтым выпадку яны прымаюць на сябе ўсю сілу ўдару. Трэба згрупавацца, а падаць пажадана на бок, унікаючы падзеньня на сьпіну і ўдару патыліцай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG