Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крызіс улады» ў Азэрбайджане. Кіроўная партыя ініцыявала роспуск парлямэнту


Пратэст апазыцыі ў Баку. 19 лістапада 2019 году.

Кіроўная партыя «Новы Азэрбайджан» ініцыявала роспуск парлямэнту. Навошта гэта партыі, якая і так мае большасьць у парлямэнце і цалкам яго кантралюе? Назіральнікі кажуць пра крызіс ва ўладзе, апазыцыя — пра новыя магчымасьці, а ў сацыяльных сетках іранізуюць, піша ВВС.

28 лістапада мясцовае агенцтва АПА паведаміла, што палітычная рада партыі «Новы Азэрбайджан» рэкамэндавала сваім дэпутатам у парлямэнце ініцыяваць яго роспуск. Выканаўчы сакратар партыі Алі Ахмедаў пацьвердзіў, што партыя зьвярнулася да прэзыдэнта Аліева з просьбай аб роспуску парлямэнту. Ягоны намесьнік Сіявуш Наўрузаў заявіў, што калі прапанова будзе прынятая, цяперашні парлямэнт будзе дзейнічаць, пакуль не пачне працу новы.

Мэтай звароту, паводле яго, было «пашырэньне геаграфіі рэформаў». «Такім чынам мы адкрыем новыя магчымасьці для разьвіцьця нашай краіны і ўстановім новую традыцыю ў гісторыі парлямэнту», — заявіў Ахмедаў.

Паводле закону, чарговыя парлямэнцкія выбары ў Азэрбайджане мусілі адбыцца ўвосень 2020 году. Пры гэтым большасьць месцаў у парлямэнце Азэрбайджану — 70 з 125 — займае тая ж кіроўная партыя. Яе сябрам ёсьць і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў.

29 лістапада пытаньне будзе абмяркоўвацца ў парлямэнце, але ўжо цяпер старшыня іншай парлямэнцкай партыі «Ana Vətən​» («Маці-Радзіма») у размове з ВВС ухваліў рашэньне і таксама зьвязаў яго з новымі магчымасьцямі для рэформаў і прыходу ва ўладу маладых кадраў.

Прычыны роспуску

На думку юрыста і экспэрта ў выбарах Анара Мамедлі, сапраўднай прычынай самароспуску парлямэнту можа быць палітычны крызіс унутры самой улады. «Мы жывем у краіне, у якой няма празрыстасьці ў палітыцы, і мы ня ведаем, што адбываецца ўнутры ўлады», — кажа Мамедлі.

Яшчэ адна магчымая прычына роспуску, на думку Мамедлі, тое, што ў Азэрбайджане надыходзяць цяжкія часы. Ня выключаная новая дэвальвацыя нацыянальнай валюты, ёсьць іншыя прычыны, здольныя актывізаваць пратэставыя настроі.

На думку Мамедлі, гэты парлямэнт цалкам кантралявала ўлада, і яна будзе імкнуцца і надалей не дапускаць на выбары апазыцыйных кандыдатаў.

Аднак палітычны аналітык Рашад Шырын дапускае, што роспуск парлямэнту можа прывесьці да пераменаў.

«Цяжка сказаць, ці пройдзе ў парлямэнт апазыцыя. У нас мажарытарная сыстэма, але дапускаю, што гэтыя выбары могуць быць іншымі, бо людзі ўжо больш настроеныя на зьмены ў краіне, — кажа ён. — Гэтыя нечарговыя парлямэнцкія выбары могуць змабілізаваць і людзей, і партыі».

Ці гатовая апазыцыя?

Кіраўнік апазыцыйнай партыі «Рэспубліканская альтэрнатыва» Ільгар Мамедаў назваў роспуск парлямэнту гістарычным шанцам для апазыцыі і для народу. На ягоную думку, будучыя парлямэнцкія выбары ў залежнасьці ад волі людзей альбо зробяць краіну канчаткова дынастычнай, альбо дэмакратычнай.

«Мы заклікаем усе палітычныя партыі ўдзельнічаць у выбарах і самі прымем у іх удзел», — заявіў палітык.

Алі Керымлі, лідэр апазыцыйнай Партыі Народнага Фронту Азэрбайджану, заявіў, што ўлада спрабуе падаць адстаўку парлямэнту як частку рэформаў, але антызаходняя рыторыка ўлады паказвае, што ніякіх рэформаў няма. Керымлі заявіў, што ягоная партыя пакуль не прыняла рашэньня аб удзеле ў гэтых выбарах.

Што кажуць людзі?

У сацыяльных сетках навіну аб самароспуску парлямэнту сустрэлі са скепсісам або з гумарам.

«Прапаную прызначыць парлямэнтам Мікаіла Джабарава», — піша карыстальнік Тэймур. Джабараў вядомы тым, што ў апошнія гады ўзначальваў па чарзе некалькі важных ведамстваў і міністэрстваў.

«Калі ў кожныя выбары туды прыходзяць тыя ж людзі, навошта марнаваць лішнія грошы? Хай пакінуць іх там на 20 гадоў, дый годзе», — лічыць Назім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG