Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прызналі злачыннаю дзейнасьць прыватнай вайсковай кампаніі «Е.Н.О.Т», якая навучала беларускіх падлеткаў


Баевікі Enot Corp. падчас службовай выправы на Данбас, архіўнае фота

Сьледчы камітэт Расеі назваў злачыннаю дзейнасьць рэгіянальнай грамадзкай арганізацыі «Единые народные общинные товарищества», таксама вядомай як прыватная вайсковая кампанія «Е.Н.О.Т» або Enot corp., піша «Коммерсантъ».

Крымінальную справу завялі на маёраў Фэдэральнай службы бясьпекі Аляксандра Мрышчука і Антона Баракшава — іх падазраюць у арганізацыі злачыннай супольнасьці з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў, у разбоі і крадзяжах.

Паводле сьледчых, супрацоўнікі ФСБ і сьледчыя маскоўскага сьледчага ўпраўленьня на транспарце залучалі байцоў «Е.Н.О.Т» ў апэратыўную працу і ў «рашэньне сілавых пытаньняў». Сярод такой дзейнасьці — ператрусы, падчас якіх яны кралі каштоўныя рэчы і грошы, і вымагальніцтва.

«Е.Н.О.Т», як вядома з адкрытых крыніцаў, удзельнічаў у баях ва Ўкраіне і Сырыі, а таксама ў анэксіі Крыму Расеяй. Самі ўдзельнікі групоўкі сьцьвярджаюць, што гэта былі не баявыя, а «гуманітарныя» апэрацыі.

Зь беларускага боку з радыкаламі супрацоўнічаў цэлы шэраг структураў: і «казакі», і былыя вэтэраны-аўганцы, і праваслаўныя сьвятары. У 2016 годзе беларускія журналісты даведаліся, што падлеткаў зь Віцебскай вобласьці вывозілі на ваенізаваныя зборы ў Падмаскоўе, арганізаваныя Enot Corp., дзе інструктары-нэанацысты праводзілі баявую падрыхтоўку.

Пасьля вясновай паездкі беларускай каманды міліцыя паабяцала правесьці праверку што да дарослых, якія вывозілі дзяцей. На наступныя зборы ў ліпені 2016 году беларусы не паехалі. А ў верасьні яны зноў апынуліся ў «янотаў», праўда, перамяшаліся з камандаю з так званай «ДНР». У канцы лістапада 25-30 беларускіх падлеткаў прыехалі ў лягер і сфатаграфаваліся ў масках, трымаючы ў руках вялікі афіцыйны сьцяг Рэспублікі Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG