Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканоміка ЗША ў трэцім квартале расла хутчэй, чым чакалася


Ілюстрацыйнае фота. Нью-Ёркская фондавая біржа
Ілюстрацыйнае фота. Нью-Ёркская фондавая біржа

Паводле ўдакладненых зьвестак, рост склаў 2,1 адсотка, паведамляе AFP.

Рост амэрыканскай эканомікі ў трэцім квартале 2019 году быў хутчэйшы, чым паведамлялася раней, нават нягледзячы на неразьвязаную гандлёвую спрэчку з Кітаем, а цэны засталіся памяркоўныя, сьведчаць апублікаваныя 27 лістапада новыя зьвесткі.

Павелічэньне аб’ёмаў экспарту й інвэстыцыяў у жыльлё спрыялі карэкцыі тэмпаў росту эканомікі з 1,9 да 2,1 працэнта, згодна з удакладненымі зьвесткамі Міністэрства гандлю за трэці квартал.

Аднак, паводле эканамістаў, пазытыўныя навіны азмрочваюць пэўныя трывожныя чыньнікі. Так, вытворчыя інвэстыцыі, моцна пацярпелыя праз гандлёвую вайну з Кітаем, прыкметна зьнізіліся, хоць і менш, чым паведамлялася раней: на 2,7 працэнта, а не на 3.

Тым часам кампаніі, што нарошчваюць запасы прадуктаў, прынесьлі амаль 0,2 працэнта ў ВУП. Гэта можа азначаць, што кампаніі робяць запасы напярэдадні ўвядзеньня мытаў або што рост аб’ёмаў спажываньня запавольваецца.

Большасьць эканамістаў лічыла, што карэкцыі ВУП ня будзе, аднак некаторыя дакладна прагназавалі карэкцыю ў большы бок. З улікам удакладненьняў паказьнікі ў трэцім квартале аказаліся лепшыя, чым у другім (2 адсоткі). У першым квартале рост склаў 3,1 працэнта.

Спажывецкія выдаткі, на якія прыпадае 70% ВУП ЗША, па-ранейшаму застаюцца на высокім узроўні і вырасьлі на 2,9 працэнта, прычым відаць упэўнены рост у сфэры тавараў працяглага карыстаньня — як аўтамабілі і тэхніка.

Інвэстыцыі ў сфэры нерухомасьці вырасьлі на 5,1 адсотка, прадэманстраваўшы найлепшы паказьнік за два гады на фоне зьніжэньня працэнтных ставак.

Аб’ём экспарту, які на піку гандлёвай вайны ў другім квартале скараціўся на 5,7 працэнта, у трэцім квартале вырас на 0,9% — на 0,2 працэнта больш, чым паведамлялася раней. Імпарт таксама вырас больш, чым лічылася спачатку: на 0,8 працэнта.

Без уліку нестабільнага транспартнага сэктару колькасьць замоваў на тавары працяглага карыстаньня вырасла на 0,6 працэнта. На гэтым нэгатыўна адбіўся 40-дзённы страйк у кампаніі General Motors, аднак нэгатыўны эфэкт скампэнсавала вялікая колькасьць замоваў на прадукцыю Boeing.

Паводле Міністэрства гандлю, інфляцыя ў гадавым вымярэньні ў кастрычніку засталася на ўзроўні 1,3 працэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG