Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады адмовіліся нават абмяркоўваць вяртаньне гістарычнай назвы для «хіпстэрскай» вуліцы


Начальніца ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Віталіна Руднікава адказала на зварот з сайту Petitions.by аб перайменаваньні вуліцы Кастрычніцкай у Менску, які падпісалі амаль сямсот чалавек.

У пэтыцыі пісалі, што Кастрычніцкая раней была «рабочай» вуліцай, цяпер жа ператварылася ў «самую крэатыўную вуліцу Менску зь незвычайнай атмасфэрай андэрграўнду». Таму ёй прапаноўвалі вярнуць гістарычную назву Ляхаўская. Савецкая назва «Кастрычніцкая», як адзначалі ў звароце, «моцна дысануе з гісторыяй вуліцы і ейнай крэатыўнай, андэрграўнднай атмасфэрай».

Віталіна Руднікава на гэта адказала, што «перайменаваньне элемэнтаў вулічна-дарожнай сеткі нясе нязручнасьці грамадзянам (пераафармленьне дакумэнтаў, унясеньне зьменаў у картаграфічныя выданьні, замена шыльдаў) і патрабуе значных фінансавых выдаткаў», таму ў Менгарвыканкаме ня бачаць неабходнасьці нават у вынясеньні такога пытаньня на абмеркаваньне.

Пры гэтым у 2005 годзе два цэнтральныя праспэкты Менску перайменавалі (Скарыны і Машэрава ў Незалежнасьці і Пераможцаў) нягледзячы ня толькі на названыя нязручнасьці, але і на пратэсты грамадзянаў.

Побач з Кастрычніцкай вуліцай захаваўся сквэр, якому вярнулі гістарычную назву Ляхаўскі. А аднайменная Кастрычніцкая плошча ніяк не злучаецца з Кастрычніцкай вуліцай — між імі амаль кілямэтар напрасткі.

Паўтара году таму менчукі марна прасілі вярнуць спрадвечныя назвы іншым вуліцам у цэнтры: Рэвалюцыйнай — імя Койданаўская, а Камсамольскай — Фэліцыянаўская. Улады не адрэагавалі, а празь няўдалую рэканструкцыю і патопы вуліцы жартам сталі называць «суднаходнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG