У Беларусі цяпер пражываюць больш за 570 тысяч людзей з інваліднасьцю, паведаміў агенцтву «Минск-Новости» намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандар Румак.
Паводле Мінпрацы, на 1 лістапада 2019 году ў Беларусі афіцыйна налічвалася 571,6 тысяч чалавек, якія атрымліваюць пэнсію па інваліднасьці. Гэта прынамсі кожны 17-ы жыхар краіны, калі сыходзіць з таго, што агульная колькасьць насельніцтва Беларусі — 9 мільёнаў 475 тысяч чалавек, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту на студзень 2019 году.
33 тысячы зь іх — гэта дзеці з інваліднасьцю. Пры гэтым, як адзначыў Аляксандар Румак, «колькасьць дзяцей з інваліднасьцю, на жаль, расьце».
200 тысяч зь іх — людзі працаздольнага ўзросту, але ня ўсе могуць працаваць па стане здароўя. Працоўную рэкамэндацыю маюць 113 тысяч чалавек, крыху больш за 60% зь іх працуюць.
Беларусь у 2016 годзе далучылася да Канвэнцыі ААН аб правах людзей з інваліднасьцю, узяўшы на сябе абавязацельствы ствараць роўныя ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, у тым ліку праз удасканаленьне заканадаўчай базы.
Ужо 2 гады ў Беларусі працуюць над законам «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», цяпер на разгляд у парлямэнт цяпер перададзены праект закону, які мусіць адстойваць правы людзей з інваліднасьцю і найперш не дазваляць іх дыскрымінацыі.
Падчас абмеркаваньня закону з удзелам грамадзкіх арганізацый аспрэчвалася нават яго назва: «закон пра людзей з інваліднасьцю» або «закон пра інвалідаў», аднак дзяржаўныя органы ў выніку настаялі на тэрміне «інвалід», супраць якога выступалі грамадзкія арганізацыі.
У апошнія гады ў Беларусі пачалі працаваць над безбар’ерным асяродкам для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі (пачалі ўсталёваць пандусы з поручнямі, кнопкі выкліку пэрсаналу ў грамадзкіх установах, пад’ёмнікі, адмыслова абсталяваныя прыбіральні і інш), аднак пакуль людзі з абмежаванымі магчымасьцямі па-ранейшаму маюць складанасьці пры самастойным перамяшчэньні праз адсутнасьць шмат дзе безбар’ернага асяродку.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com