Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп падпісаў законапраект аб часовым бюджэце, каб прадухіліць чарговы «шатдаўн»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Сэнат ЗША 21 лістапада прыняў законапраект аб часовым урадавым бюджэце, які дазволіць працягнуць працу фэдэральных ведамстваў да 20 сьнежня і прадухіліць урадавы «шатдаўн», які ў адваротным выпадку мог наступіць ужо ў ноч з 21 на 22 лістапада, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Усьлед за гэтым законапраект падпісаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, што дазволіла перанесьці пагрозу магчымага закрыцьця ўрадавых ведамстваў на канец сьнежня. За прыняцьце часовага бюджэту прагаласавалі 74 сэнатары, 20 галасоў — супраць.

Законапраект аб часовым бюджэце дае выканаўчай і заканадаўчай галінаў улады ЗША яшчэ чатыры тыдні на спробу выйсьці з тупіка, зьвязанага зь фінансаваньнем будаўніцтва сьцяны на мяжы ЗША з Мэксыкай.

Дональд Трамп патрабуе вылучыць дадатковыя 8,6 млрд даляраў на будаўніцтва сьцяны. Рэспубліканцы падтрымліваюць Трампа, але супраць будаўніцтва сьцяны выступаюць дэмакраты, лічачы яго непатрэбным і амаральным. Гэтая спрэчка затрымлівае прыняцьце 12 артыкулаў асыгнаваньня, якія прадугледжваюць фінансаваньне прыкладна адной траціны ўсіх дзяржаўных установаў ЗША.

Перамовы аб прыняцьці гадавога бюджэту напаліліся пасьля таго, як адміністрацыя Трампа адхіліла просьбу прадстаўнікоў абедзьвюх партый аб павелічэньні бюджэту на 5 млрд даляраў. Абмеркаваньне бюджэту праходзіць ва ўмовах міжпартыйнай барацьбы на фоне слуханьняў аб імпічмэнце Трампа. Абвінавачваньні, якія пагражаюць прэзыдэнту імпічмэнтам, могуць быць вынесеныя на галасаваньне ў Палаце прадстаўнікоў прыблізна 20 сьнежня — у дзень, калі можа адбыцца чарговы «шатдаўн» ураду.

У канцы 2018 году патрабаваньне Трампа выдзеліць дадатковыя сродкі на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай прывяло да прыпыненьня працы дзяржаўных установаў ЗША («шатдаўну»), якое працягвалася 35 дзён, стаўшы самым доўгім у гісторыі краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG