Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША перасталі лічыць ізраільскія паселішчы парушэньнем міжнароднага права


Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо

Вашынгтон зьмяніў пазыцыю, якой прытрымліваўся больш за 40 гадоў.

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа заявіла, што больш ня лічыць будаўніцтва ізраільскіх паселішчаў на Заходнім беразе ракі Ярдан парушэньнем міжнароднага права, паведамляе «Голас Амэрыкі». Рашэньне Вашынгтона яшчэ больш падрывае намаганьні палестынцаў у стварэньні ўласнай дзяржавы.

Паводле дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо, ЗША адмаўляюцца ад заключэньня Дзярждэпартамэнту 1978 году, паводле якой будаўніцтва цывільных паселішчаў на акупаваных тэрыторыях «не адпавядае міжнароднаму праву». На думку адміністрацыі Трампа, усе прававыя пытаньні, якія тычацца паселішчаў, павінны вырашацца ізраільскімі судамі, і абвяшчэньне іх парушэньнем міжнароднага права адцягвае ўвагу ад больш шырокіх намаганьняў у заключэньні мірнага пагадненьня.

Зьмяненьне пазыцыі азначае згоду ЗША з пазыцыяй Ізраіля, на шкоду імкненьню палестынцаў да дзяржаўнасьці. Ізраільскія лідэры віталі гэтае рашэньне, у той час як палестынцы і лідэры іншых краін папярэдзілі, што яно падрывае любыя шанцы на заключэньне шырокага мірнага пагадненьня.

Аналягічныя дзеяньні ўключалі рашэньне прэзыдэнта Трампа прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраіля, перанос амэрыканскай амбасады ў гэты горад і закрыцьцё палестынскага дыпляматычнага офісу ў Вашынгтоне.

Эўрапейскі зьвяз заявіў 18 лістапада, што па-ранейшаму лічыць, што ізраільскія паселішчы на Заходнім беразе ракі Ярдан незаконныя і падрываюць пэрспэктывы ўсталяваньня трывалага міру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG