Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гляджу тэлевізар і ўвесь дзень плачу»


Сьвятлана Вранава

Гляджу тэлевізар і ўвесь дзень плачу — ад падзякі і хваляваньня. Я гляджу дакумэнтальныя кадры пра аксамітную рэвалюцыю і зноў усё перажываю, піша пра 30-я ўгодкі «аксамітнай рэвалюцыі» чэская перакладчыца зь беларускай мовы і хрысьціянская дэмакратка Сьвятлана Вранава.

Зноў бачу жорсткае задушэньне дэманстрацыі 17 лістапада, зь якога ўсё пачалося.

Зноў бачу, як кожны дзень прыходзіць усё больш і больш людзей.

Зноў бачу два мільёны чэхаў (!) на плошчы Летна.

Бачу-чую Вацлава Гаўла, пазьнейшага бліскучага прамоўцу, як ён нязграбна шукае словы, і як апантана яго вітае натоўп.

Бачу-чую студэнтаў, некаторых зь якіх я нават асабіста ведала, як яны прамаўляюць да народу.

Прага, 2019. Дэманстрацыя супраць прэм'ер-міністра Андрэя Бабіша
Прага, 2019. Дэманстрацыя супраць прэм'ер-міністра Андрэя Бабіша

Бачу актораў, якія разам са студэнтамі былі рухавіком нашай рэвалюцыі.

Чую сьпевакоў, якім дзесяцігодзьдзі не дазвалялася сьпяваць, эмігрантаў, якія вярнуліся адразу пасьля пачатку дэманстрацый, бачу рабочых, нават нашага цяперашняга прэзыдэнта, які тады быў любімым і паважаным апазыцыйным прагназістам (жах, як ён зьмяніўся...); чую зьбянтэжаныя прамовы камуністаў і рэакцыі натоўпу на іх, чую публічную малітву — першую пасьля дзесяцігодзьдзяў сацыялізму; чую супрацоўнікаў міліцыі, якія ўдзельнічалі ў жорсткім разгоне ўдзельнікаў акцыі — як яны выбачаюцца перад натоўпам... Гляджу прамую трансьляцыю з агульнанацыянальнага ўсеагульнага страйку.

Я назіраю, як народ змусіў пайсьці ў адстаўку камуністычны ўрад.

Усе эмоцыі тых дзён вярнуліся. Я так удзячна, што я магла гэты час перажыць як непасрэдны ўдзельнік!

Месяц таму, 17 кастрычніка, я адзначыла свой 60-ы дзень нараджэньня. 17 лістапада наша краіна адзначыла 30-годзьдзе свабоды. Роўна палова майго жыцьця прайшла ў таталітарызьме, а другая палова — у вольнай краіне. Я маю добрую надзею, што змагу дажыць, каб аднойчы сказаць, што большую частку свайго жыцьця я пражыла на волі.

Зь цікавасьцю гляджу вашыя «сустрэчы свабодных людзей» і іншыя «сустрэчы» ў іншых гарадах і вельмі, вельмі зычу вам усім, каб Беларусь неўзабаве таксама дачакалася свайго 11 лістапада!

Люблю вас, малюся за вас.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG