Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране адключылі інтэрнэт і мабільную сувязь


Прычына — масавыя пратэсты з прычыны павышэньня цэнаў на бэнзін. Доступу да сродкаў камунікацыі няма на большай частцы тэрыторыі краіны.

Мітынгі пачаліся ў пятніцу, 15 лістапада, адразу ў некалькіх гарадах. Прычынай стала павелічэньне кошту бэнзіну (прыкладна на 13 цэнтаў за літар) і абмежаваньне продажу паліва. Улады сьцьвярджаюць, што толькі так можна вырашыць эканамічныя праблемы, зьвязаныя, сярод іншага, з санкцыямі ЗША. Па дадзеных іранскіх СМІ, пратэсты ў суботу ахапілі як мінімум 40 гарадоў.

Іранскія агенцтвы навінаў і карыстальнікі сацсетак адзначаюць, што дэманстранты па ўсёй краіне таксама скандавалі антыўрадавыя лёзунгі. У сацыяльных сетках былі апублікаваныя відэа, на якіх радыкальныя актывісты падпальвалі аўтазапраўкі, будынкі фінансавых устаноў і ўступалі ў бойку з паліцыянтамі.

Дзяржаўнае іранскае тэлебачаньне паведаміла, што паліцыя ўжывала для разгону пратэстоўцаў сілу і сьлезацечны газ. За час дэманстрацый, па афіцыйных дадзеных, загінуў адзін чалавек. Актывісты паведамляюць пра некалькіх загінулых. Дзясяткі пратэстоўцаў атрымалі раненьні.

Вярхоўны лідэр Ірану Алі Хаменеі падтрымаў рашэньне павысіць цэны на бэнзін і абвінаваціў «ворагаў» рэспублікі ў «сабатажы».

У 2017 годзе ў Іране жыхары 80 населеных пунктаў выйшлі на акцыі пратэсту з прычыны нізкага ўзроўню жыцьця. Тады загінулі ня менш як 22 чалавекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG