Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктара МІУ выклікалі ў пракуратуру за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства»


Мікалай Суша, архіўнае фота
Мікалай Суша, архіўнае фота

15 лістапада рэктара Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту, дзе страйкавалі студэнты, выклікалі ў пракуратуру. Мікалаю Сушу ўручылі афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, паведамляе Tut.by.

Паводле Мікалая Сушы, акрамя яго, у пракуратуру выклікалі начальніка аддзела па выхаваўчай працы, а таксама студэнтку, якая зьяўляецца сакратаром БРСМ унівэрсытэта, каб «зь першых вуснаў даведацца, што адбываецца ва ўнівэрсытэце».

На сустрэчы рэктару МІУ ўручылі папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньняў патрабаваньняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. У ім сказана, што «масавыя мерапрыемствы могуць праводзіцца толькі з дазволу Менгарвыканкаму», але ў ВНУ такога дазволу не было. Акрамя таго, паводле пракуратуры, падчас «пікетаваньня» Мікалай Суша ня толькі не прыняў «мераў да спыненьня несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, але і зьяўляўся яго ўдзельнікам».

Мікалая Сушу папярэдзілі: калі «аналягічныя парушэньні паўтарацца», яго могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці па арт. 23.34 КаАП РБ («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). Таксама яму сказалі, што пракуратура запатрабавала ўсе дакумэнты па акрэдытацыі МІУ і цяпер будзе іх вывучаць.

Раніцай 11 лістапада студэнты Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту абвясьцілі, што пачынаюць страйк супраць рашэньня Мінадукацыі пазбавіць унівэрсытэт акрэдытацыі на навучаньне некаторым спэцыяльнасьцям. У забастоўцы бяруць удзел больш за 600 студэнтаў, паведамілі Свабодзе ва ўнівэрсытэце.​

Міністэрства адукацыі не працягнула для МІУ акрэдытацыю ў пяці спэцыяльнасьцях — «правазнаўства», «эканоміка і кіраваньне на прадпрыемстве», «праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій», «транспартная лягістыка» і «псыхалёгія», на якіх навучаюцца 1600 студэнтаў. Для іх рашэньне Мінадукацыі азначае, што пасьля вучобы ім могуць ня выдаць дыплёмы дзяржаўнага ўзору.

Міністар адукацыі Ігар Карпенка раней запэўніваў студэнтаў МІУ, што яны змогуць працягнуць навучаньне ў іншых ВНУ, але ня ўсіх гэта задавальняе. Адна з прычынаў незадавальненьня студэнтаў — акадэмічная розьніца навучаньня ў менскіх ВНУ.

Рэктар Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту Мікалай Суша сьцьвярджае, што Міністэрства адукацыі не працягнула ВНУ акрэдытацыю з прычыны «асабістай непрыязнасьці» міністра адукацыі Ігара Карпенкі да ВНУ і да яго самога.

Менскі інавацыйны ўнівэрсытэт быў заснаваны ў 1991 годзе доктарам эканамічных навук, прафэсарам Мікалаем Сушам. У ім рыхтуюць спэцыялістаў па 12 спэцыяльнасьцях у галіне эканомікі, права, псыхалёгіі, замежных моваў, інфармацыйных тэхналёгіяў і дызайну.

Паводле афіцыйнага сайту ўнівэрсытэту, сёньня ў ім агулам навучаюцца больш за 11 тысяч студэнтаў на дзённай і завочнай формах навучаньня, зь імі працуюць больш за 220 выкладчыкаў. У 2019 годзе на першы курс унівэрсытэту набралі 570 чалавек (зь іх 390 чалавек — на дзённую форму навучаньня), прахадны бал пры паступленьні — у сярэднім быў каля 200 балаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG