Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША пачаў слуханьні наконт імпічмэнту прэзыдэнта. ВІДЭАТРАНСЬЛЯЦЫЯ


Дональд Трамп

Чальцы камітэту па выведцы Палаты прадстаўнікоў ЗША пачынаюць першыя публічныя слуханьні у рамках расьсьледаваньня па пытаньні аб імпічмэнце.

Сёньня публічныя паказаньні дадуць Уільям Тэйлар, які ўзначальвае пасольства ЗША ва Ўкраіне, і намесьнік памочніка дзяржсакратара па справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент.

Тэлеканал «Настоящее время» будзе весьці жывую трансьляцыю з сынхронным перакладам сёньняшніх слуханьняў у кангрэсе ЗША наконт імпічмэнту.

І Тэйлар, і Кент уваходзяць у лік былых і дзейных афіцыйных асобаў, якія ўжо далі паказаньні на закрытых слуханьнях на працягу апошніх тыдняў.

Камітэты Палаты прадстаўнікоў апублікавалі расшыфроўкі іх паказаньняў. Сьведкі распавялі падрабязнасьці таго, як Трамп і набліжаныя да яго асобы спрабавалі пераканаць Украіну пачаць расьсьледаваньне ў дачыненьні да аднаго з галоўных палітычных канкурэнтаў прэзыдэнта, дэмакрата Джо Байдэна і ягонага сына Гантэра, а таксама праверыць тэорыю аб украінскім ўмяшаньні ў выбары 2016 году.

Трамп ў панядзелак назваў расьсьледаванае «цалкам аднабаковым паляваньнем на вядзьмарак» і сказаў, што можа апублікаваць расшыфроўку сваёй першай размовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, якая адбылася ў красавіку, неўзабаве пасьля абраньня Зяленскага.

«Каб і далей быць самым празрыстым прэзыдэнтам у гісторыі, я на гэтым тыдні апублікую расшыфроўку сваёй першай і, такім чынам, самай важнай тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны» — напісаў Трамп у Твітэры.

Трамп настойвае, што яго размова з Зяленскі была «бездакорнай» і што ніякіх парушэньняў ён не дапусьціў.

Кіраўнік камітэту па выведцы Адам Шыф прапанаваў рэспубліканцам падаць свой сьпіс сьведак, але адмаўляецца выклікаць двух людзей, паказаньні якіх больш за ўсё цікавяць рэспубліканцаў: Гантэра Байдэна і супрацоўніка разьведкі, які падаў дакладную ў сувязі з размовай Трампа і Зяленскага.

Трамп ў панядзелак абурыўся ў Твітэры: «Шыф не дае рэспубліканцам ні сьведак, ні адвакатаў, ні належнай прававой працэдуры!»

Шыф, у сваю чаргу, заяўляе, што адміністрацыя Трампа перашкаджае расьсьледаваньню, не дазваляючы выкліканым сьведкам даваць паказаньні і не падаючы запатрабаваныя дакумэнты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG