Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: знойдзеныя мёртвымі пад Лёнданам мігранты маглі ехаць праз Расею


Паліцыя дасьледуе грузавік зь целамі мігрантаў, Вялікабрытанія, 23 кастрычніка 2019 году.

У Віетнаме аднаго з арыштаваных па справе аб гібелі мігрантаў у грузавіку пад Лёнданам падазраюць у кантрабандзе людзей праз Расею. Пра гэта паведамляе Associated Press са спасылкай на віетнамскія СМІ.

Паводле журналістаў, гэты чалавек арганізоўваў паездкі віетнамцаў у Расею, пасьля чаго незаконна вывозіў іх у Нямеччыну, а пасьля ў трэцюю краіну.

Усяго ў Віетнаме па справе аб загінуўшых мігрантах арыштаваныя больш за дзесяць чалавек. Ім выстаўленыя абвінавачваньні ў гандлі людзьмі.

Целы 39 чалавек былі выяўленыя ў трэйлеры-рэфрыжэратары 23 кастрычніка. Грузавік знайшлі на тэрыторыі індустрыяльнага парку ў графстве Эсэкс. У той жа дзень паліцыянты затрымалі кіроўцу грузавіка. Ён знаходзіцца пад вартай паводле падазрэньня ў забойстве. Затым былі арыштаваныя яшчэ некалькі чалавек.

Трэйлер прыбыў у Брытанію з бэльгійскага порту Зэбруге 19 кастрычніка. Машына была зарэгістраваная ў Баўгарыі на фірму, якая належыць грамадзянцы Ірляндыі. Грузавік пакінуў тэрыторыю Баўгарыі ў 2017 годзе і з таго часу не зьяўляўся ў краіне.

Паліцыя паведаміла, што загінуўшыя — кітайскія грамадзяне. Аднак потым стала вядома, што гэта выхадцы з Віетнаму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG