Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гендырэктара McDonald’s звольнілі за службовы раман


Карпарацыя McDonald’s звольніла свайго выканаўчага дырэктара Стыва Істэрбрука за службовы раман, паколькі гэта супярэчыць карпаратыўнай этыцы кампаніі, гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У карпаратыўных правілах McDonald ’s прапісаная забарона на раманы паміж супрацоўнікамі. У лісьце, які Стыў Істэрбрук накіраваў супрацоўнікам карпарацыі, ён пагадзіўся з тым, што зрабіў памылку, а кіраўніцтва прыняло правільнае рашэньне, звольніўшы яго.

«Улічваючы каштоўнасьці кампаніі, я згодны з радай дырэктараў, што прыйшоў час мне рухацца далей», — напісаў ён.

52-гадовы Істэрбрук пачаў кар’еру ў McDonald’s яшчэ ў 1993 годзе з пасады мэнэджара і паступова атрымліваў усё больш высокія пасады. У 2011 годзе ён на некаторы час пакінуў McDonald’s і кіраваў некалькімі іншымі сеткамі фастфуду. У 2013-м зноў вярнуўся у кампанію, урэшце стаўшы кіраўніком прадстаўніцтва кампаніі ў Вялікай Брытаніі і Паўночнай Эўропе, а ў 2015 годзе яго прызначалі выканаўчым дырэктарам McDonald’s.

Пераемнікам Істэрбрука стане Крыс Кемпчынскі, які раней узначальваў амэрыканскае падразьдзяленьне кампаніі.

Летась сваю пасаду з падобных прычынаў пакінуў кіраўнік Intel Браян Кржаніч, які таксама меў стасункі з працаўніком кампаніі. Ён узначальваў Intel з 2013 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG