Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея праводзіць маштабныя падводныя вучэньні ў Паўночнай Атлянтыцы


Ілюстрацыйнае фота. Расейская атамная падводная лодка «Юры Даўгарукі»

Расея накіравала 10 падводных лодак у Паўночную Атлянтыку ў рамках найбуйнейшай з часоў заканчэньня «халоднай вайны» апэрацыі такога роду, паведамілі 29 кастрычніка ўзброеныя сілы Нарвэгіі.

Зь мінулага тыдня расейскія падлодкі, якія базуюцца на Кольскім паўвостраве, былі накіраваныя для правядзеньня вучэньняў у Атлянтычным акіяне, паведаміла Нарвэская вяшчальная карпарацыя (NRK) са спасылкай на нарвэскую выведку. Пазьней інфармацыя была пацьверджаная крыніцамі агенцтва AFP.

«Цяпер у Паўночнай Атлянтыцы назіраецца павышаная актыўнасьць, і Нарэгія разам з краінамі NATO ажыцьцяўляюць маніторынг з дапамогай паветраных і наземных сродкаў», — заявіў афіцыйны прадстаўнік нарвэскіх узброеных сіл Брыньяр Стурдал.

Паводле яго, колькасьцю адначасова задзейнічаных актываў гэта найбуйнейшая падобная апэрацыя з моманту заканчэньня «халоднай вайны».

Па словах крыніц NRK, расейскія падлодкі, якія пакінулі базу ў падводным рэжыме, імкнуцца зайсьці як мага глыбей у акваторыю Атлянтычнага акіяна, ня выявіўшы сваёй прысутнасьці. У ідэале іхнай мэтай зьяўляюцца воды на захад ад Грэнляндыі.

Мяркуецца, што апэрацыя будзе доўжыцца каля двух месяцаў, а яе мэта — «прадэманстраваць, што яны здольныя стварыць пагрозу для ўсходняга ўзьбярэжжа ЗША», заяўляюць крыніцы.

26 кастрычніка расейскія інфармагенцтвы паведамілі, што дзьве атамныя падводныя лодкі, «Ніжні Ноўгарад» і «Пскоў», прыступілі да адпрацоўкі задач глыбакаводных апусканьняў у нэўтральных водах ў Нарвэскім моры, плянуючы выпрабаваць новую тэхніку і ўзбраеньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG