Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія войскі ў Сырыі будуць ахоўваць радовішчы нафты


Марк Эспэр

Амэрыканскія матарызаваныя падразьдзяленьні накіроўваюцца ў Сырыю для абароны нафтавых радовішчаў ня толькі ад магчымых нападаў з боку баевікоў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», але і ад магчымых нападаў з боку сырыйскіх урадавых арміі і расейскіх сіл. Пра гэта у панядзелак ўпершыню наўспрост заявіў міністар абароны ЗША Марк Эспэр.

На прэс-канфэрэнцыі ў Пэнтагоне Эспэр падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты ня маюць намеру выступаць у ролі паліцыянта ў Сырыі, але накіроўваюць вайскоўцаў, каб гарантаваць бясьпеку нафтавых радовішчаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі, кантраляванай курдамі.

«ЗША захаваюць кантроль над нафтавымі радовішчамі на паўночным усходзе Сырыі», — заявіў кіраўнік Пэнтагону, адзначыўшы, што менавіта гэтыя радовішча служылі асноўнай крыніцай даходу «Ісламскай дзяржавы». Цяпер продаж нафты і нафтапрадуктаў зьяўляецца крыніцай фінансаваньня курдзкай адміністрацыі, і Вашынгтон мае намер дапамагчы сваім саюзьнікам абараніць гэтыя радовішчы.

Паводле міністра абароны ЗША, розныя «дзяржаўныя і недзяржаўныя» сілы зацікаўлены ў сырыйскіх нафтавых радовішчах. На пытаньне ці зьяўляецца мэтай недапушчэньне на гэтую тэрыторыю расейскіх і сырыйскіх урадавых сіл, Марк Эспэр адказаў: «Гаворачы коратка, так. У дадзены момант».

Падрабязнасьці новай місіі ЗША ў Сырыі пакуль невядомыя. Мяркуецца, што некалькі сотняў вайскоўцаў і некалькі дзесяткаў адзінак браняванай тэхнікі будуць разьмешчаныя на ўсход ад ракі Эўфрат, дзе знаходзяцца самыя важныя сырыйскія радовішчы нафты.

У лютым 2018 году расейскія найміты ў суправаджэньні сырыйскіх сілаў паспрабавалі атакаваць завод па перапрацоўцы нафты побач з горадам Дэйр-эз-Зор, які знаходзіцца ў гэтым рэгіёне пад аховый амэрыканскага падразьдзяленьня. Атака была адбітая з вялікімі стратамі для нападнікаў.

Па словах міністра абароны ЗША, у яго няма дадзеных аб намеры расейскіх ці сырыйскіх сіл кінуць выклік амэрыканскім сілам, якія кантралююць нафтавыя радовішчы. Аднак спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Сырыі Джым Джэфры ў канцы мінулага тыдня выказаў занепакоенасьць сытуацыяй у раён Дэйр-эз-Зору.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG