Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забітага лідэра «Ісламскай дзяржавы» пахавалі ў моры


Іракцы глядзяць выпуск навінаў, у якім распавядаецца пра сьмерць аль-Багдадзі, 27 кастрычніка 2019 году
Іракцы глядзяць выпуск навінаў, у якім распавядаецца пра сьмерць аль-Багдадзі, 27 кастрычніка 2019 году

Цела лідэра тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» Абу Бакра аль-Багдадзі, забітага ў Сырыі 26 кастрычніка, пахавалі ў моры, паведамляе канал CNN са спасылкай на двух прадстаўнікоў Пэнтагону.

Абу Бакра Аль-Багдадзі забілі ў выніку спэцапэрацыі на мяжы Сырыі і Турэччыны 26 кастрычніка.

27 кастрычніка дарадца ў нацыянальнай бясьпецы ЗША Робэрт О’Браен заявіў у эфіры канала NBC, што цела лідэра «Ісламскай дзяржавы» пахаваюць у моры, гэтаксама, як пахавалі лідэра тэрарыстычнай групоўкі «Аль-Каіда» Усаму бэн Ладэна ў 2011 годзе. Гэты спосаб пахаваньня быў выбраны, каб не ператвараць магілу тэрарыста ў месца паломніцтва.

Пад кіраўніцтвам Абу Бакра аль-Багдадзі «Ісламская дзяржава» адваявала значныя тэрыторыі ў Іраку і Сырыі, праславіўшыся шэрагам жорсткіх злачынстваў і тэрактаў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў рассакрэціць і апублікаваць фрагмэнты відэа спэцапэрацыі па забойстве аль-Багдадзі, а таксама паказаў у твітэры фота сабакі, які ўдзельнічаў у апэрацыі.

Сталі вядомыя новыя дэталі апэрацыі забойства аль-Багдадзі. Інфарматар Сырыйскіх дэмакратычных сіл перад апэрацыяй змог дастаць кавалак адзеньня і ўзор крыві лідэра «Ісламскай дзяржавы», з дапамогай якіх была канчаткова пацьверджаная асоба аль-Багдадзі, піша CNN. У ходзе апэрацыі амэрыканскі спэцназ захапіў жывымі двух чалавек, іх асобы пакуль не раскрываюцца, паведаміў старшыня Абʼяднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі.

ЗША хочуць умацаваць кааліцыю барацьбы з «Ісламскай дзяржавай» на паўночным усходзе Сырыі

Пра гэта заявіў высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамэнту пасьля ліквідацыі Абу Бакра аль-Багдадзі, піша «Голас Амэрыкі». Ён сказаў, што, абвяшчаючы аб вывадзе амэрыканскіх войскаў з паўночных раёнаў Сырыі 6 кастрычніка, прэзыдэнт Дональд Трамп ня меў на ўвазе, што Вашынгтон спыняе барацьбу з «Ісламскай дзяржавай». Пасьля нэгатыўнай рэакцыі Кангрэсу, у тым ліку аднапартыйцаў-рэспубліканцаў, Трамп зьмякчыў пляны вываду войскаў з Сырыі.

ЗША будуць працягваць працаваць разам з глябальнай кааліцыяй над зьнішчэньнем гэтай тэрарыстычнай групоўкі, гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту. Міністры замежных спраў сустрэнуцца ў Вашынгтоне 14 лістапада для абмеркаваньня місіі. На сустрэчы плянуць «надаць асаблівую ўвагу апошнім падзеям на паўночным усходзе Сырыі і іх уплыву на стабільнасьць і бясьпеку рэгіёну».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG