Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пратэстах у сталіцы Чылі ў пятніцу ўзялі ўдзел мільён чалавек


Сант’яга, 25 кастрычніка 2019

У акцыі пратэсту ў сталіцы Чылі Сант’яга ў пятніцу ўзялі ўдзел больш за мільён чалавек, паведамляе Reuters. Мітынгоўцы патрабавалі правядзеньня ў краіне сацыяльных рэформаў, канстытуцыйнай рэформы і адстаўкі выбранага летась прэзыдэнта краіны Сэбастыяна Піньера.

Пратэстоўцы несьлі нацыянальныя сьцягі і плякаты з палітычнымі лёзунгамі. Яны прайшлі некалькі кілямэтраў ад прадмесьцяў да плошчы Бакедана ў цэнтры гораду. Акцыя прайшла без істотных здарэньняў, аднак пратэстоўцы былі адагнаныя ад будынка парлямэнту з выкарыстаньнем сьлезацечнага газу, паведамляе The Washington Post.

Мэр Сант’яга Карла Рубілар назвала акцыю пратэсту «гістарычнай». «Сталічны рэгіён прыняў марш з амаль мільёнам удзельнікаў, яны прадстаўляюць мару аб новым Чылі», — напісала яна ў твітэры.

Акцыі пратэсту ў Чылі працягваюцца больш за тыдзень. Яны былі справакаваныя ростам цэнаў на праезд у мэтро. Пачаўшыся мірна, яны перарасьлі ў вулічныя беспарадкі, падпалы і рабаваньні. У іх загінулі як найменей 19 чалавек, 585 чалавек былі параненыя. У Сант’яга і шэрагу іншых буйных гарадоў быў уведзены рэжым надзвычайнага становішча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG