Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хіпстэрскай» вуліцы ў Менску прапанавалі вярнуць гістарычную назву


Фэстываль «Vulitsa Brasil» на Кастрычніцкай вуліцы, 2015 год

На сайце Petitions.by апублікаваны зварот аб перайменаваньні менскай вуліцы Кастрычніцкай — ёй прапануюць вярнуць гістарычную назву Ляхаўская.

За сем гадзінаў зварот сабраў 150 подпісаў. У пэтыцыі пішуць, што Кастрычніцкая раней была «рабочай» вуліцай, цяпер жа ператварылася ў «самую крэатыўную вуліцу Менску зь незвычайнай атмасфэрай андэграўнду».

«У былых цэхах фабрык цяпер адкрываюцца грамадзкія прасторы, бары, кавярні і крамы, — расказваюць у звароце. — Гэтая атмасфэра гэтак жа прыцягвае турыстаў, якія ўжо даўно чулі пра гэтую выдатную вуліцу».

Таксама аўтар звароту сьцьвярджае, што «Ляхаўка» была культурным месцам яшчэ да Другой сусьветнай вайны. Савецкая назва «Кастрычніцкая», адзначае ён, «моцна дэсануе з гісторыяй вуліцы і ейнай крэатыўнай, андэграўнднай атмасфэрай».

«Гэта відаць на прыкладзе бюста Леніна, разьмешчанага на фоне сучасных муралаў і арт-інсталяцыяў», — заўважаецца ў пэтыцыі.

Побач з Кастрычніцкай вуліцай захаваўся сквэр з гістарычнай назвай Ляхаўскі. А аднайменная Кастрычніцкая плошча ніяк не злучаецца з Кастрычніцкай вуліцай — між імі амаль кілямэтар па прамой.

Паўтара году таму менчукі беспасьпяхова прасілі перайменаваць іншыя вуліцы ў цэнтры: Рэвалюцыйную ў Койданаўскую, а Камсамольскую ў Фэліцыянаўскую. Улады не адрэагавалі, а празь няўдалую рэканструкцыю і патопы вуліцы ў жарт сталі называць «судаходнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG