Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вакаліст J:Морс адзначыў дзень народзінаў гурту канцэртам у роднай школе. ВІДЭА


Вакаліст J:морс сьпявае ў роднай школе на дзень народзінаў свайго гурту

Лідэр беларускага рок-гурту J:Морс Уладзімер Пугач даў бясплатны канцэрт у пінскай гімназіі № 2 — колішняй школе № 5, дзе ён сам некалі навучаўся. Выступ ён прымеркаваў да 20-годзьдзя гурту.

Як згадвае Пугач, у той самай актавай залі ён апошні раз выступаў у 1993 годзе. На канцэрце прысутнічала ягоная колішняя клясная кіраўніца, а таксама былы дырэктар школы і настаўнік фізыкі.

Гэта не адзіны юбілейны канцэрт гурту. J:Морс ладзіць тур па Беларусі з нагоды 20-годзьдзя. Пачалі яшчэ ў жніўні з Полацку, ужо гралі ў Ляхавічах, Жодзіне, Берасьці і Салігорску. 26 лістапада граюць у Магілёве, 2 лістапада выступяць у Менску, пасьля заедуць у Віцебск, Наваполацак, Мазыр, Гомель, Маскву, Горадню і Рэчыцу.

За 20 гадоў J:Морс выдаў 8 студыйных альбомаў і два канцэртныя, зьняў два дзясяткі кліпаў, меў доўгі шэраг узнагародаў, у ліку якіх «Рок-карона» 2005 году.

Сам Пугач часам ладзіць канцэрты і на ўласны дзень народзінаў. Так, у 2008 годзе ён з гуртом даваў у родным Пінску «канцэрт на канапе» — у Драматычны тэатар тады прыцягнулі сапраўдную канапу.

Іншыя беларускія музыкі таксама часам адзначаюць дні народзінаў незвычайнымі канцэртамі. Напрыклад, сёлета Лявон Вольскі ладзіў канцэрт для сяброў на караблі, а юбілей адзначаў канцэртам у падземным пераходзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG