Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Ізраіля сфармуе апанэнт прэм’ер-міністра Нэтаньягу


Бэні Ганц (зьлева) атрымаў ад прэзыдэнта Рэўвэна Рыўліна даручэньне сфармаваць урад

Прэзыдэнт Ізраіля Рэувэн Рыўлін даручыў лідэру апазыцыйнага блёка «Кахоль-Лаван» Бэні Ганцу сфармаваць кааліцыйны ўрад. Як адзначае Jerusalem Post, у палітыка ёсьць на гэта 28 дзён.

Калі новая парлямэнцкая кааліцыя ня будзе сфармаваная, у Ізраілі могуць прайсьці трэція выбары за год.

Перамовы «Кахоль-Лаван» і партыі «Лікуд» дзейнага прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу прызначаныя на 24 кастрычніка. У сваёй заяве «Лікуд» паўтарыў заклік да шырокага кааліцыйнага ўраду.

У верасьні прэзыдэнт Ізраіля даручаў сфармаваць новы ўрад Нэтаньягу, але 21 кастрычніка прэм’ер-міністар заявіў, што ня можа зрабіць гэта ў тэрмін, і перадаў мандат прэзыдэнту. На працягу апошніх 11 гадоў даручэньне скласьці ўрад атрымліваў Нэтаньягу.

Выбары ў ізраільскі парлямэнт (Кнэсэт) адбыліся 17 верасьня. Партыя «Лікуд» атрымала 31 месца ў парлямэнце, «Кахоль-Лаван» — 33. Усяго ў Кнэсэце 120 месцаў, таму ніводная палітычная сіла ня можа сфармаваць урад самастойна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG