Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як атрымаць ільготныя візы на перапахаваньне Каліноўскага ў Вільні


Могілкі Росы ў Вільні, дзе адбудзецца перапахаваньне

22 лістапада ў Вільні пройдзе цырымонія дзяржаўнага перапахаваньня кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстаньня 1863–1864 гадоў (у тым ліку Кастуся Каліноўскага). Амбасада Літвы ў Беларусі прапануе беларусам, якія хочуць наведаць цырымонію, атрымаць ільготныя візы.

Тыя, хто хоча атрымаць ільготную візу, павінны папярэдне індывідуальна зарэгістравацца ў амбасадзе да 5 лістапада 2019 году па адрасе электроннай пошты k1@urm.lt. У лісьце павінна быць хадайніцтва аб даваньні візы на наведваньне мерапрыемстваў па перапахаваньні паўстанцаў.

Візы будуць даваць на аднаразовую паездку, максымальны тэрмін дзеяньня — з 20 па 24 лістапада 2019 году.

Колькасьць ільготных візаў абмежаваная. Пра магчымасьць падачы дакумэнтаў амбасада праінфармуе заяўнікаў індывідуальна, праз электронную пошту. Колькі будзе каштаваць ільготная віза, на сайце амбасады не пазначана.

Падрабязны сьпіс дакумэнтаў пералічаны на сайце амбасады.

Жыхарам Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцей трэба зьвяртацца ў Генконсульства Літвы ў Горадні.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў 22 лістапада на віленскіх могілках Росы. Што вядома на гэты момант.

Раскопкі на Замкавай гары, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў
Раскопкі на Замкавай гары, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG