Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская чыгунка засакрэціла вынікі апытаньня пра ўжываньне беларускай мовы


Гэта вынікае з адказу намесьніка начальніка БЧ Аляксандра Якабсона на запыт паліттэхноляга Аліны Нагорнай: «Пры правядзеньні анкетаваньня Беларуская чыгунка не прадугледжвала публічнае разьмяшчэньне яе вынікаў».

У жніўні Беларуская чыгунка правяла анкетаваньне, прымеркаванае да Адзінага дня пасажыра, які адзначаўся 26 верасьня.

Траціна пытаньняў анкетаваньня тычылася мовы.

  • На якой зь дзяржаўных моў мэтазгодна афармляць праязныя дакумэнты (квіткі) для праезду ўнутры Рэспублікі Беларусь?
  • На якой зь дзяржаўных моў мэтазгодна ажыцьцяўляць інфармаваньне пасажыраў у цягніках, якія курсуюць унутры Рэспублікі Беларусь?
  • На якой зь дзяржаўных моў мэтазгодна ажыцьцяўляць інфармаваньне пасажыраў на станцыях Беларускай чыгункі?

Чыгунка прапаноўвала выбраць адзін з трох варыянтаў адказу: на беларускай, расейскай, ня мае значэньня.

Паводле Аліны Нагорнай, прадстаўніцы грамадзянскай ініцыятывы «Ўмовы для мовы», беларусы адказвалі на анкетаваньне даволі актыўна.

Аднак калі Аліна зьвярнулася да кіраўніцтва з просьбай паведаміць пра вынікі анкетаваньня, атрымала афіцыйны адказ за подпісам намесьніка начальніка Беларускай чыгункі Аляксандра Якабсона.

«Пры правядзеньні анкетаваньня Беларуская чыгунка не прадугледжвала публічнае разьмяшчэньне яе вынікаў. Вынікі праведзенага апытаньня пасажыраў у дачыненьні да зацікаўленага Вас пытаньня аб ужываньні беларускай мовы будуць прынятыя пад увагу і ўлічаны ў далейшай працы ў сукупнасьці з вынікамі перапісу насельніцтва, які праводзіцца ў цяперашні час».

На думку Аліны Нагорнай, Беларуская чыгунка парушыла працэс анкетаваньня, бо не папярэджвала, што анкетаваньне будзе ананімным.

«Як вынікае з адказу намесьніка начальніка, відавочна, што большасьць рэспандэнтаў былі за тое, каб у працы Белчыгункі ўжывалася больш беларускай мовы. А зараз яны чамусьці пачалі спасылацца на перапіс насельніцтва і хаваюць вынікі анкетаваньня нават ад тых, хто да іх пісьмова зьвяртаецца», — сьцьвярджае Аліна Нагорная.

Аліна Нагорная
Аліна Нагорная

На думку прадстаўніцы грамадзкай ініцыятывы "Умовы для мовы", хоць Беларуская чыгунка і робіць некаторыя рэчы дзеля шырэйшага ўжываньня мовы (да прыкладу, квіткі на гарадзкія лініі можна купіць на беларускай мове, можна набыць квіткі па-беларуску і праз адмысловы тэрмінал на сталічным вакзале), варта патрабаваць ад чыгункі, каб беларускай мовы было больш.

«Мне падаецца, Беларуская чыгунка ня вельмі хоча працаваць над пашырэньнем беларускай мовы, а хоча спаслацца на вынікі перапісу насельніцтва, таму што ў перапісе будзе не такі высокі працэнт беларускамоўных», — мяркуе Аліна Нагорная.

Яна прывяла прыклад, як Аршанскі райвыканкам рабіў апытаньне пра беларускую мову ў грамадзкім транспарце.

«Там былі адкрытыя вынікі, і больш за 70% людзей выступае за беларускую мову. Можна меркаваць, што ў апытанцы Белчыгункі таксама быў даволі вялікі працэнт прыхільнікаў беларускай мовы», — спадзяецца Аліна.

У прэсавай службе Беларускай чыгункі Свабодзе таксама не паведамілі вынікі апытаньня і параілі напісаць намесьніку начальніка БЧ Пятру Стоцкаму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG