Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарбачоў: падзеньне Бэрлінскага муру стала «крокам на шляху да свабоды»

абноўлена

Міхаіл Гарбачоў і канцлер Нямеччыны Гельмут Коль у 1990 годзе
Міхаіл Гарбачоў і канцлер Нямеччыны Гельмут Коль у 1990 годзе

Былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў у інтэрвію газэце «Известия», прысьвечаным 30-годзьдзю падзеньня Бэрлінскага муру і іншых перамен у Цэнтральнай і Усходняй Эўропе, назваў разбурэньне муру «велізарным крокам на шляху да свабоды» і ахарактарызаваў наступствы аб’яднаньня Нямеччыны для Эўропы як станоўчыя.

Гарбачоў таксама выказаў меркаваньне, што падзеньне Бэрлінскага муру стала перамогай ідэй перабудовы, якую ён і яго паплечнікі праводзілі ў СССР з 1985 году. «Мы бачылі ў перабудове менавіта прарыў да свабоды для нашых грамадзян. І мы не маглі адмаўляць у такім самым праве на свабоду грамадзянам суседніх краін, нашых саюзьнікаў», — сказаў былы савецкі лідэр.

Гарбачоў таксама распавёў, як савецкае кіраўніцтва ў 1989 годзе прымала рашэньне аб тым, як рэагаваць на адкрыцьцё мяжы паміж Заходнім і Ўсходнім Бэрлінам і пачатак разбурэньня муру. «Палітбюро аднадушна вырашыла, што абсалютна выключаюцца якія б ні было сілавыя дзеяньні», — сказаў Гарбачоў, дадаўшы, што «напэўна былі і такія, у каго гарэла жаданьне» навесьці парадак «пры дапамозе танкаў», але яны праявілі сябе толькі ў жніўні 1991 года падчас спробы перавароту ў Маскве.

Міхаіл Гарбачоў узначальваў СССР з 1985 па 1991 гады, як Генэральны сакратар ЦК КПСС, а потым як прэзыдэнт. У гады яго кіраваньня адбылася дэмакратызацыя жыцьця краіны, Камуністычная партыя была пазбаўленая манапольнага становішча. Адбыўся распад савецкай сфэры ўплыву ва Ўсходняй Эўропе. У сьнежні 1991 году Гарбачоў сышоў у адстаўку пасьля таго, як лідэры саюзных рэспублік прынялі рашэньне аб роспуску СССР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG