Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайская эканоміка паказала самы нізкі рост за апошнія 27 гадоў


Ілюстрацыйнае фота. Падчас параду, прысьвечанага 70-годзьдзю з дня заснаваньня камуністычнага Кітая ў Пэкіне, 1 кастрычніка 2019 году

У трэцім квартале 2019 году кітайская эканоміка паказала самы нізкі рост за апошнія 27 гадоў.

Паводле апублікаваных 18 кастрычніка дадзеных, рост валавога ўнутранага прадукту Кітаю ў ліпені–верасьні склаў 6%, а ў папярэднім квартале — 6,2%, і гэта самы нізкі квартальны паказьнік з 1992 году.

Прадстаўнік Нацыянальнага бюро статыстыкі Кітаю заявіў, што краіна «сустрэлася з ростам рызык і выклікаў як дома, так і за мяжой». Пры гэтым ён дадаў, што «нацыянальная эканоміка падтрымлівае стабільнасьць... і паляпшае стандарты жыцьця».

Пэкін і Вашынгтон працягваюць накладваць новыя мыты на імпарт кітайскіх і амэрыканскіх тавараў. Многія экспэрты асьцерагаюцца, што гандлёвыя войны аслабяць сусьветную эканамічную актыўнасьць і прывядуць да падвышанага ваганьня сусьветных фондавых рынкаў.

Новапрызначаная дырэктарка-распарадчыца Міжнароднага валютнага фонду Крысталіна Георгіева перасьцерагае, што гандлёвыя войны могуць азначаць страту каля 700 мільярдаў даляраў да канца 2020 году — каля 0,8% сусьветнага ВУП.

Аналітыкі адзначаюць пэўныя пазытыўныя сыгналы ў адносінах паміж ЗША і Кітаем апошнія дні. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на мінулым тыдні заявіў, што Вашынгтон і Пэкін дамовіліся адкласьці заплянаванае павышэньне мытаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG