Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША забаранілі Telegram разьмяшчаць токены Gram на сваёй тэрыторыі


Заснавальнік Telegram Павел Дураў.

Камісія па каштоўных паперах і біржах ЗША дамаглася часовага прыпыненьня першаснага разьмяшчэньня на тэрыторыі краіны і за яе межамі токенаў кампаніяй Telegram і яе даччынага прадпрыемства TON Issuer Inc.

Ведамства лічыць, што апэрацыі з крыптавалютай Gram праводзіліся без неабходнасьці рэгістрацыі, гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе.

Паводле вэрсіі камісіі, кампанія Паўла Дурава і яе «дачка» ўжо прадалі 39 пакупнікам у ЗША больш за мільярд токенаў Gram па зьніжаных цэнах. Па ўсім сьвеце налічваецца ўжо 171 пакупнік, а лік токенаў набліжаецца да трох мільярдаў.

Пры гэтым Telegram і TON Issuer Inc прыцягнулі ад інвэстараў у ЗША і за мяжой больш за 1,7 мільярда даляраў на стварэньне блёкчэйн-плятформы Telegram Open Network (TON).

Кіраўніцтва камісіі па каштоўных паперах тлумачыць дзеяньні ведамства імкненьнем не дапусьціць «запаўненьня» амэрыканскага рынка токенамі Telegram, якія нібыта прадаюцца праз парушэньне Закону аб каштоўных паперах ад 1933 году.

Telegram абяцаў запусьціць блёкчэйн-плятформу да 31 кастрычніка. Крыніцы «Коммерсанта» паведамляюць, што гэта можа адбыцца раней.

На гэтым тыдні на сайце Telegram зьявіліся інструкцыі па карыстаньню крыптавалютным кашальком Gram, а таксама папярэджаньне, што кампанія не дае гарантый кліентам і не кампэнсуе страты, якія перавышаюць дзесяць даляраў.

Кампанія Паўла Дурава пакуль не пракамэнтавала дзеяньні Камісіі па каштоўных паперах і біржах ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG