Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя ахвяры супэртайфуну «Хагібіс»


Тайфун суправаджаецца моцным ветрам і дажджом, ілюстрацыйнае фота

У японскай прэфэктуры Ціба адзін чалавек загінуў і яшчэ пяцёра атрымалі раненьні з-за шквальнага ветру, выкліканага набліжэньнем тайфуну «Хагібіс», перадае NHK.

У горадзе Іціхара недалёка ад Токіё ў перакуленым грузавіку знайшлі мужчыну без прытомнасьці, пазьней лекары канстатавалі яго сьмерць. Пацярпела сям’я з двух дарослых і трох дзяцей, чый дом разбурыў штармавы вецер.

Таксама па горадзе прайшоў сьмерч, які пакінуў пасьля сябе сарваныя дахі і паваленыя канструкцыі.

Амаль 800 тысяч жыхароў прэфэктуры засталіся без электрычнасьці. Авіякампаніі адмянілі блізу двух тысяч рэйсаў, у сталічным рэгіёне спынены рух цягнікоў і мэтро.

50 тысяч чалавек атрымалі прадпісаньне аб эвакуацыі, 4 мільёнам гэта настойліва рэкамендавана зрабіць.

У Токіё не працуюць рэстараны, аптэкі, крамы, у тым ліку кругласутачныя.

Супэртайфун «Хагібіс» рухаецца на архіпэляг з паўднёвага ўсходу. Хуткасьць ветру пры парывах дасягае 65 мэтраў за сэкунду. Метэаролягі параўноўваюць яго з тайфунам «Іда» 1958 году, які забраў жыцьці 1269 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG