Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Саратава патрабавалі самасуду над забойцам дзяўчынкі


Падчас стыхійнага мітынгу ў Саратаве. Скрыншот відэа: Алексей Кошелев via Youtube

У расейскім Саратаве вечарам 10 кастрычніка было знойдзенае цела са сьлядамі гвалтоўнай сьмерці 9-гадовай дзяўчынкі, якая зьнікла днём раней. Як расказвае Meduza, мясцовыя жыхары 11 кастрычніка выйшлі на стыхійны мітынг з патрабаваньнем расправы над меркаваным забойцам.

Пошукамі дзяўчынкі займаліся некалькі соцень валянтэраў, паліцыянты знайшлі цела ў прыватным гаражы. Паліцыя затрымала раней судзімага мужчыну, які прызнаў віну ў забойстве — на допыце казаў, што задушыў дзяўчынку са злосьці, бо яна яму груба адказала. Некаторыя мясцовыя жыхары перакананыя, што забойца яшчэ і згвалтаваў дзяўчынку.

На месцы меркаванага забойства ноччу 11 кастрычніка сабраліся некалькі соцень чалавек. Яны абкружылі машыну паліцыі, бо думалі, што там знаходзіцца падазраваны, крычалі «Адчыняй!», хісталі аўта. Адзін прабраўся ўсярэдзіну, але машына аказалася пустой.

Пасьля пратэстоўцы перайшлі да будынку паліцыі, дзе знаходзіўся падазраваны — перакрылі дарогу, патрабавалі ад паліцыі раскрыць зьвесткі пра расьсьледаваньне.

На раніцу пратэстоўцы разышліся. Паводле некаторых зьвестак, у час пратэстаў паліцыя ўжывала сьлезацечны газ. Тым часам на сайце Change.org больш за 10 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыі за сьмяротнае пакараньне для забойцы, а 150 чалавек — за самасуд над забойцам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG