Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прастрэлілі колы, а ён усё ўцякаў. Як у Маладэчне гналіся за п'яным расейцам


Машына, за якой гналіся міліцыянты 6 кастрычніка

Увечары 6 кастрычніка міліцыянты гналіся па Маладэчне за джыпам з расейскімі нумарамі, расказвае УУС Менскага аблвыканкаму. Машыну ўдалося спыніць пасьля стрэлаў па колах.

У міліцыю паведамілі, што чорны бездарожнік Toyota Land Cruiser ехаў з вуліцы Драздовіча на захад, «агрэсіўна манэўраваў, пятляючы па праезнай частцы». Міліцыянты заўважылі машыну на дарозе Маладэчна —Смаргоні: кіроўца павярнуў з трасы да вёскі Асанава, міліцыя паехала за ім і там разам з заяўнікам блякавала машыну.

Кіроўца не адрэагаваў на неаднаразовыя патрабаваньні выйсьці з машыны, паспрабаваў паехаць, урэзаўся ў службовую машыну і «ледзь не наехаў на інспэктара». Тады праваахоўнікі вырашылі ўжыць табэльную зброю.

Нават пасьля таго, як «Таёце» прастрэлілі два колы, кіроўца працягваў уцякаць — праехаў яшчэ 4 км у бок вёскі Насілава, дзе зьехаў у кювэт. Адтуль ён спрабаваў уцячы на нагах, але міліцыянты яго дагналі.

Кіроўцам аказаўся 42-гадовы грамадзянін Расеі, пры ім было два расейскія пашпарты і два пасьведчаньні кіроўцы. Хоць ён адмовіўся ад мэдыцынскага агляду, праваахоўнікі заяўляюць пра «відавочныя прыкметы ап’яненьня».

На мужчыну склалі 7 адміністрацыйных пратаколаў, машыну паставілі на штрафную стаянку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG