Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвесткі амаль 9 млн кліентаў расейскага мабільнага апэратара «Билайн» трапілі ў сеціва


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У адкрыты доступ трапіла база зьвестак кліентаў апэратара мабільнай сувязі «Билайн», паведамляе «Коммерсантъ». Спасылкай на базу з выданьнем падзяліліся крыніцы ў банкаўскіх службах інфармацыйнай бясьпекі.

У адкрытым доступе выяўленая база са зьвесткамі 8,7 млн карыстальнікаў, якія падключылі хатні інтэрнэт празь «Билайн» па ўсёй Расеі.

Праверка «Коммерсанта» паказала, што дадзеныя актуальныя. Супрацоўнікі выданьня, у якіх падлучаны або быў раней інтэрнэт «Билайн», знайшлі ў базе свае поўнае імя і прозьвішча, адрас, мабільны і хатні тэлефоны. Былі выяўленыя як дзейныя, так і скасаваныя дамовы, паколькі ў базе зьмяшчаюцца зьвесткі на стан у лістападзе 2016 году.

Як адзначаюць экспэрты, інфармацыі ў базе дастаткова для махляроў, якія крадуць грошы з выкарыстаньнем мэтадаў сацыяльнай інжынэрыі (калі чалавека ўводзяць у зман за кошт наяўнай інфармацыі з мэтай далейшага высьвятленьня зьвестак, неабходных для крадзяжу грошай, напрыклад поўнага нумару банкаўскай карты, CVV-коду ды іншых). Таксама зьвесткі з падобных базаў могуць быць скампіляваныя зь іншымі, і таму іхнае зьяўленьне ў адкрытым доступе нясе ў сабе пэўныя рызыкі.

У прэс-службе «Билайна» заявілі, што гэтыя зьвесткі — невялікая частка базы 2017 году. «Выцек дадзеных мы зафіксавалі два гады таму. Усіх вінаватых выявілі і пакаралі, на гэты момант вялікая частка інфармацыі — ужо састарэлыя дадзеныя», — сказалі ў кампаніі, дадаўшы, што расьсьледаваньне здарэньня працягваецца.

3 кастрычніка «Коммерсантъ» пісаў аб выцеку дадзеных 60 мільёнаў крэдытных картак кліентаў расейскага «Сбербанка». Пазьней «Сбербанк» паведаміў, што зьвесткі спрабаваў украсьці адзін з супрацоўнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG