Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незаконна жоўтыя» вазы на праспэкце Незалежнасьці адмовіліся перафарбоўваць і сёлета


Вазы на праспэкце Незалежнасьці, архіўнае фота
Вазы на праспэкце Незалежнасьці, архіўнае фота

«Гаррамаўтадар» у адказ на патрабаваньне Міністэрства культуры Беларусі вярнуць балюстрадзе на праспэкце Незалежнасьці ў Менску гістарычны колер паабяцаў перафарбаваць жоўтыя вазы ў наступным годзе. Чаму прадпрыемства ня можа зрабіць гэтага ў 2019-м, даведаўся Tut.by.

Міністэрства культуры накіравала чарговы запыт у Менгарвыканкам, што вазы трэба перафарбаваць у іх гістарычны колер. Гарадзкія ўлады пераадрасавалі запыт у «Гаррамаўтадар», у якога вазы на праспэкце знаходзяцца на балянсе. Прадпрыемства патлумачыла, што работы плянуюцца налета.

«Цяпер на замову камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму распрацоўваецца канцэпцыя добраўпарадкаваньня праспэкта Незалежнасьці на ўчастку ад вуліцы Сьвярдлова да плошчы Перамогі. Ад вуліцы Янкі Купалы да плошчы Перамогі адрэстаўруюць балюстрады. Улічваючы гэта, а таксама тое, што наступіў неспрыяльны пэрыяд для правядзеньня работ, у „Гаррамаўтадары“ лічаць немэтазгодным перафарбоўваць вазы сёлета», — патлумачыла начальніца ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Натальля Хвір.

Як тлумачаць у Міністэрстве культуры, перад тым, як фарбаваць фасады будынкаў, збудаваньняў, архітэктурныя элемэнты, закон патрабуе выканаць навукова-дасьледчыя работы, у якія ўваходзіць комплекснае навуковае дасьледаваньне, а таксама фізыка-хімічнае дасьледаваньне фарбы, якая ўжывалася першапачаткова. Цяперашняя жоўтая не адпавядае праекту і рэкамэндацыям спэцыялістаў, якія рабілі экспэртнае заключэньне.

«Гаррамаўтадар» падпарадкоўваецца Менгарвыканкаму, у якога ёсьць паўнамоцтвы кантраляваць, як ахоўваецца гісторыка-культурная спадчына. «У іх ёсьць інфармацыя пра тое, якое колеравае рашэньне ўзгоднена Міністэрствам культуры, гэта іхная задача кантраляваць падобныя пытаньні. Мы ж спрабуем вырашыць гэта цывілізавана і адзначаем неабходнасьць выкананьня патрабаваньняў заканадаўства», — тлумачыць Натальля Хвір.

Улетку 2018 году вазы на балюстрадзе каля цырка без узгадненьня перафарбавалі ў нехарактэрны жоўты колер. Супраць такіх зьменаў менчукі стварылі пэтыцыю.

Пазьней камітэт архітэктуры Менгарвыканкаму накіраваў «Гаррамаўтадару» прадпісаньне ліквідаваць парушэньні, але фінансаваньня не было і прадпрыемства паабяцала перафарбаваць вазы да 1 траўня 2019 году. Сёлета ў жніўні стала вядома, што кіраўніцтва гораду дазволіла «Гаррамаўтадару» пакінуць усё, як ёсьць.

Балюстрада на праспэкце Незалежнасьці каля цырка — аб’ект гісторыка-культурнай каштоўнасьці 2-й катэгорыі (мае нацыянальнае значэньне), яна знаходзіцца ў дзяржаўным сьпісе матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG