Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская Дума запатрабуе ад ураду пазбавіць Deutsche Welle акрэдытацыі


Камісія Дзярждумы па расьсьледаваньні ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Расеі прыйшла да высновы, што нямецкае выданьне Deutsche Welle парушыла закон, калі заклікала наведаць няўзгодненую акцыю ў Маскве, паведамляе ТАСС.

Акрамя таго, у публікацыях Deutsche Welle аб Паўночным Каўказе камісія выявіла прыкметы парушэньня заканадаўства аб экстрэмізьме.

Апроч іншага, на думку камісіі, Deutsche Welle як СМІ ў Расеі мае ўсе прыкметы замежнага агента.

Кіраўнік камісіі Васіль Піскароў папросіць міністэрства замежных спраў разгледзець пытаньне аб пазбаўленьні Deutsche Welle акрэдытацыі, паведамляе «РІА Навіны».

Матэрыялы таксама накіруюць у Міністэрства юстыцыі для рашэньня аб наданьні Deutsche Welle статусу замежнага агента.

«Інтэрфакс» паведамляе, што публікацыю Deutsche Welle ў твітэры пра адну зь няўзгодненых акцый пратэсту ў Маскве адправілі на экспэртызу. Піскароў абяцаў задзейнічаць у працы незалежных экспэртаў, «якія ні з чым ня зьвязаныя: ні з палітыкай, ні з партыяй».

Камісія таксама прыняла рашэньне вывучыць матэрыялы некалькіх СМІ на прадмет парушэньня расейскага заканадаўства. Гаворка ідзе пра Расейскую службу ВВС, «МБХ Медыя», «Голасе Амэрыкі», Радыё Свабода, тэлеканал «Настоящее Время» і «Медуза». Якія публікацыі правераць, не ўдакладняецца.

МЗС Расеі абвінаваціў Deutsche Welle ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы краіны з прычыны публікацыі пра няўзгодненую акцыю 3 жніўня. 19 жніўня ў Дзярждуме стварылі камісію для расьсьледаваньня замежнага ўмяшаньня. На адно з пасяджэньняў чыноўнікі хацелі запрасіць Deutsche Welle, але выданьне адпрэчыла ўсе абвінавачваньні і адмовілася ўдзельнічаць у расьсьледаваньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG