Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларуска-польскай мяжы зь цягніка зьнялі журналіста «Новага часу» і актывістку


Як паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна», 22 верасьня на беларуска-польскай мяжы «Тэрэспаль-Берасьце» з цягніка зьнялі журналіста «Новага Часу» і «Зялёнага Парталу» Аляксандра Вялітчанку і актывістку Аліну Сьцяцову, калі яны вярталіся дадому ў Беларусь.

Паводле словаў Аляксандра, у іх адразу забралі пашпарты, а пасьля таго, як правялі надгляд рэчаў у цягніку, адвялі на асабісты надгляд.

Паколькі для таго, каб асабісты надгляд зрабіць, мытнікі павінны атрымаць подпіс начальніка, у якога ў нядзелю выходны.

Пакуль мытнікі езьдзілі па подпіс, Вялітчанку і Сьцяцову трымалі зачыненымі у залі памежнага кантролю. Яны чакалі каля дзьвюх гадзін і спазьніліся на бліжэйшы цягнік.

Пры надглядзе ў іх пыталіся пра экстрэмісцкую літаратуру.

«Потым параілі падумаць, чаму гэта адбываецца тут і цяпер», — паведаміў Аляксандар Вялітчанка.

«Праверылі ўвесь заплечнік. Сказалі, распрануцца да майткоў. Здаецца, усё было па працэдуры. Прысутнічаў паняты, памежнік, які здымаў зь цягніка і чалавек, які надглядаў мяне. Аформілі пратаколам, які далі падпісаць», — расказаў праваабаронцам журналіст.

Празь некаторы час надглядзелі і актывістку Аліну Сьцяцову. Асабісты надгляд Сьцяцовай рабілі жанчыны.

Пра прычыны такой увагі да журналіста і актывісткі беларускія мытнікі не паведамілі. Уся працэдура заняла больш за дзьве гадзіны.

Пасьля гэтага, як распавёў Аляксандр Вялітчанка, начальнік зьмены папрасіў прабачэньня за ўсё гэта і сказаў, што яму гэтая працэдура таксама непрыемная і што гэта «не яго жаданьне».

«І паўтарыў, каб я задумаўся, „дзе, калі, з кім і чаму“, бо гэта можа працягвацца кожны раз пры перасячэньні мяжы», — дадаў журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG