Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Океан Ельзи» выступіць у Менску зь юбілейным канцэртам


Лідэр «Океан Ельзи» Сьвятаслаў Вакарчук на канцэрце ў Львове, 2016 год

Гурт «Океан Ельзи» вяртаецца ў Беларусь пасьля двухгадовага перапынку з адзіным канцэртам у Менску 20 верасьня. Выступ можна лічыць і юбілейным — у кастрычніку ўкраінскія рокеры адзначаць 25 год творчай дзейнасьці.

У 2017 годзе «ОЕ» абвясьцілі гадавы перапынак у гастрольнай і творчай дзейнасьці. Музыкі вярнуліся на сцэну ў жніўні 2018 года, выступіўшы на Дзень незалежнасьці Ўкраіны перад 100-тысячнай аўдыторыяй кіеўскага стадыёна «Олімпійскій».

Адмыслова для беларускіх фанатаў «Океан Ельзи» адаптуе гэтае шоў. «Нестандартная сцэна і відэаінсталяцыі, шмат гуку і сьвятла, а таксама ўлюбёныя песьні і неверагодная харызма „ОЕ“ і Сьвятаслава Вакарчука» — усё гэта абяцаюць музыкі беларусам 20 верасьня на «Менск-Арэне».

На канцэрце ў Мінску гледачоў чакаюць новыя песьні, а таксама хіты «Обiйми», «Така, як ти», «На небi», «Без бою», «Майже весна», «Холодно», «Без тебе», «Не йди», «911» і шмат іншых.

У кастрычніку 2019 года гурту «Океан Ельзи» споўніцца 25 год творчай дзейнасьці. За гэты час музыкі выпусьцілі 9 паўнафарматных альбомаў, выступілі з канцэртамі па ўсім сьвеце і сталі адным з самых вядомых украінскіх гуртоў.

Квіткі на беларускія канцэрты «Океан Ельзи» традыцыйна раскупляюцца за лічаныя дні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG