Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гішпанія адмовіла ЗША ў выдачы экс-кіраўніка вайсковай выведкі Вэнэсуэлы


Уга Карвахаль

Нацыянальны суд Гішпаніі ў панядзелак адхіліў запыт амэрыканскіх уладаў аб экстрадыцыі ў ЗША былога кіраўніка вайсковай выведкі Вэнэсуэлы. У Вашынгтоне яго вінавацяць у гандлі наркотыкамі ды іншых злачынствах.

Пасьля вынясеньня пастановы генэрал-маёр у адстаўцы Уга Карвахаль быў вызвалены з-пад варты ў зале суду. Ён заявіў, што абвінавачаньні палітычна матываваныя. Карвахаль адзначыў, што мае намер пасяліцца ў Гішпаніі.

Карвахаль узначальваў ваенную выведку Вэнэсуэлы больш за дзесяць гадоў і быў блізкім памочнікам былога прэзыдэнта краіны Уга Чавэса. Раней сёлета ён уцёк у Гішпанію пасьля публічнай падтрымкі намаганьняў апазыцыі зьвергнуць прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура.

Адвакаты Карвахаля заявілі, што ЗША дамагаліся яго экстрадыцыі, таму што ён валодае каштоўнай інфармацыяй аб структуры ўзброеных сіл Вэнэсуэлы, якая патэнцыйна магла б стаць вырашальнай для зьвяржэньня рэжыму Мадура. Аднак улады Гішпаніі і ЗША паставіліся скептычна да гэтых заяў, паколькі Карвахаль быў паніжаны ў пасадзе і пайшоў у адстаўку неўзабаве пасьля прыходу Мадура да ўлады ў 2013 годзе.

Сёлета ў красавіку Уга Карвахаль быў затрыманы ў Гішпаніі на запыт ЗША па справе, зьвязанай з гандлем наркотыкамі.

Амэрыканскія пракуроры сьцьвярджаюць, што Карвахаль павінен паўстаць перад судом за «наркатэрарызм». Сьледчыя з Агенцтва барацьбы з наркотыкамі ЗША паведамілі, што валодаюць доказамі аб выкарыстаньні Карвахалем сваёй пасады для каардынацыі кантрабанды больш чым пяці з паловай тысяч кіляграмаў какаіну з Вэнэсуэлы ў Мэксыку ў 2006 годзе.

У 2014 годзе Карвахаль быў арыштаваны на востраве Аруба на запыт амэрыканскіх уладаў праз падазрэньне ў дачыненьні да гандлю наркотыкамі. Улады Арубы таксама адмовілі ў выдачы Карвахаля ЗША і адправілі яго назад у Каракас. Калі Карвахаль заявіў аб падтрымцы лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо, Мадура пазбавіў яго званьня генэрал-маёра, абвінаваціўшы ў дзяржаўнай здрадзе. Пасьля гэтага Карвахаль перабраўся ў Гішпанію.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG