Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайскоўца з Бураціі пакараюць за заклік не выконваць «заведама злачынных загадаў»


Супрацоўнікі паліцыі і ўдзельнікі няўзгодненай акцыі пратэстаў супраць вынікаў выбараў мэра Улан-Удэ

Відэа зьявілася на YouTube 15 верасьня. «Паважаныя калегі з Расгвардыі, прашу вас не выконваць заведама злачынных загадаў. Вы ж чыесьці дзеці, браты, сёстры, мужы. Калі ласка, не перавышайце сваіх паўнамоцтваў», — заявіў вайсковец, камэнтуючы затрыманьні на пратэставых акцыях ва Ўлан-Удэ.

«Мы супраць рэпрэсій, якія ахапілі наш горад. Свабоду палітвязьням! Затрыманьні былі ўсе незаконнымі. Спадзяюся, што здаровы сэнс пераможа. Улада павінна павярнуцца да народу», — сказаў вайсковец.

Аўтар відэа — стралок атраду ваенізаванай аховы філіялу фэдэральнага дзяржаўнага прадпрыемства «Ахова» Расгвардыі Бураціі Віктар Харжыраў, паведамляе «Сибирь.Реалии».

Пасьля публікацыі відэазвароту ў ведамстве пачалася службовая праверка. Пра гэта агенцтву «Інтэрфакс» паведаміў афіцыйны прадстаўнік Расгвардыі Валерый Грыбакін.

Харжыраў запісаў відэа і выклаў яго ў інтэрнэт, знаходзячыся пры выкананьні службовых абавязкаў, заявіў Грыбакін. Звальняць супрацоўніка не зьбіраюцца, але, хутчэй за ўсё, на яго накладуць дысцыплінарнае спагнаньне за парушэньне ўмоў кантракту — нібыта Харжыраў удзяляў недастатковую ўвагу ахове, бо займаўся на працоўным месцы запісам відэароліка, сказаў Грыбакін.

Ананімныя карыстальнікі сеціва, якія прадставіліся паліцэйскімі, ужо заявілі аб звальненьні Харжырава, аднак сам ён гэтую інфармацыю зьняпраўджвае. «Сёньня мяне выклікалі да начальства, мабыць, якраз з нагоды майго відэа. Але пра звальненьне мне нічога не паведамлялі, гэта няпраўда», — заявіў супрацоўнік Расгвардыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG