Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя праводзіць ператрусы ў штабах Навальнага ў 30 гарадах Расеі


Ператрус у офісе Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага
Ператрус у офісе Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага

Расейская паліцыя праводзіць ператрусы ў супрацоўнікаў штабоў апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага ў 30 гарадах Расеі.

Сьледчыя дзеяньні праходзяць у рамках «справы Фонду барацьбы з карупцыяй» аб адмываньні грошай, паведамляе zona.media.

Адначасова праводзіцца больш за сто ператрусаў, напісаў у канале Telegram кіраўнік міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкаў.

«ОВД Инфо» паведамляе пра ператрусы ў прыхільнікаў Аляксея Навальнага ў Кемераве, Ліпецку, Балакове, Краснадары, Цюмені, Екацярынбургу, Чабаксарах, Хабараўску, Ніжнім Ноўгарадзе, Варонежы, Пермі, Томску, Новасібірску, Уладзівастоку, Іжэўску, Казані, Краснаярску, Кургане, Мурманску, Омску, Саратаве і Стаўропалі.

Журналіст «Эха Москвы» Аляксандар Плюшчаў напісаў пра ператрусы ў Пермі і Белгарадзе.

Паліцыя таксама прыйшла да каардынатара штабу ў Тамбове Дзіяны Рудаковай, да ўсіх супрацоўнікаў штаба Навальнага ў Растове-на-Доне і да юрыста штаба ў Пензе, паведамляе «Медиазона».

У Санкт-Пецярбургу ідзе ператрус у кіраўнікоў штабу Навальнага Аляксандра Шуршава і Вольгі Гусевай. У Іркуцку пасля вобшуку затрымалі каардынатара і валянтэра штабу, паведамляе выданьне.

Паплечнік палітыка Леанід Волкаў напісаў у сваім Telegram-канале, што «ўсюды галоўная мэта — канфіскацыя ўсёй тэхнікі па максымуме».

«Пасьля ператрусаў вязуць на допыты ў Сьледчы камітэт. На кожны адрас прыходзіць сьледчая група з падмацаваньнем супрацоўнікаў паліцыі і Расгвардыі, сумарна ў ранішняй апэрацыі задзейнічаныя многія сотні сілавікоў».

Паводле інфармацыі СМІ, ператрусы зьвязаныя са справай аб адмываньні грошай, якую Сьледчы камітэт распачаў супраць Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) у пачатку жніўня.

Раней на гэтым тыдні зь ператрусамі прыходзілі да супрацоўнікаў штабоў Навальнага ва Ўфе, Самары, Пермі, Чалябінску і Саранску. Усе яны былі зьвязаны з крымінальнай справай аб адмываньні грошай.

7-га верасьня ператрусы прайшлі ў штабе Аляксея Навальнага ў Санкт-Пецярбургу. Раней паліцыя правяла ператрусы ў офісе ФБК у Маскве і студыі канала «Навальный.Live». Вобшукі ў справе аб адмываньні грошай таксама праходзілі на пачатку жніўня.

Па вэрсіі сьледзтва, супрацоўнікі заснаванага Аляксеем Навальным фонду і асобы, якія маюць дачыненьне да ягонай дзейнасьці, у пэрыяд са студзеня 2016 году па сьнежань 2018 году «атрымалі буйную суму грошай у рублях і замежнай валюце, якую „трэція асобы“ ўнесьлі праз банкаматы на разьліковыя рахункі некалькіх банкаў».

Паплечнік Навальнага Леанід Волкаў лічыць, што ўлады хочуць зрабіць немагчымым фінансаваньне рэгіянальных штабоў Навальнага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG