Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі — 2020: плянуюць 4-дзённае сьвята і квэст «Дзе мой аўтазак»


Сёлетні Дзень Волі ў Менску

Аргкамітэт сьвята #БНР-102 стварылі за паўгода да падзеі. Актывісты хочуць дамагчыся дазволу на сьвяткаваньне ля Вялікага тэатру опэры і балету ў Менску.

Аргкамітэт правядзеньня Дня Волі-2020 стварылі за паўгода да сьвята. У яго ўвайшлі Мікалай Казлоў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Ігар Барысаў зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Юры Губарэвіч з руху «За свабоду», Віталь Рымашэўскі з аргкамітэту БХД.

Палітыкі зьбіраюцца арганізаваць мітынг-канцэрт у нядзелю 22 сакавіка. Прыярытэтнае месца — пляцоўка каля Вялікага тэатру опэры і балету ў Менску, дзе праходзіла сьвяткаваньне БНР-100. Пра гэта Свабодзе паведаміў сябра аргкамітэту Юрась Губарэвіч.

«Гэта адзін з найлепшых варыянтаў. Летась нам адмовілі з прычыны правядзеньня рамонту. Спадзяюся, налета ўлады ня будуць нічога прыдумляць і дадуць грамадзтву сабрацца на гэтай пляцоўцы», — сказаў Губарэвіч.

На наступны дзень плянуецца ўскласьці кветкі да памятнага знаку прэм’ер-міністру БНР Антону Луцкевічу ў менскім сквэры імя Янкі Купалы. 24 сакавіка заплянаваныя лякальныя імпрэзы, а 25 сакавіка — квэст «Дзе мой аўтазак?».

Арганізатары будуць зьбіраць сродкі на сьвяткаваньне і запрашаюць далучыцца да арганізацыі ўсіх ахвочых, у тым ліку, арганізатараў БНР-100 і БНР-101 у Горадні Паўла Белавуса, Эдуарда Пальчыса і Антона Матольку.

«Мы запрашаем усе палітычныя і грамадзкія суполкі. Але найперш гэта мусіць быць сьвята-напамін пра знакавую дату для Беларусі, для нашай дзяржаўнасьці, а таксама падзея мусіць мець, апроч забаўляльнага, і палітычны складнік, каб была магчымасьць сказаць аб праблемах Беларусі ўголас», — гаворыць Юрась Губарэвіч.

Летась у Беларусі прайшлі два сьвяты: у Горадні быў канцэрт, прысьвечаны Дню Волі, які арганізоўвалі Павал Белавус, Антон Матолька і Эдуард Пальчыс, а ў Менску на наступны дзень быў канцэрт-мітынг у Кіеўскім сквэры, які арганізоўвалі палітычныя актывісты. Дзьве кампаніі сьвяткаваньня Дня Волі 2019 ня вельмі падтрымлівалі адна адну.

Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG